Пантон адплываў паціху, каля борта стаяў чалавек у шортах і прапускаў праз далоні драты, якія вялі пад ваду.

— Гууд! Стоп! — прагучала каманда на пантоне.

— Я ныраю! Потым не знойдзеш гэтага месца! Сабаку патрымайце! — Мансур адпіхнуў сабаку, што збіраўся лезці за ім, і нырнуў. Спыніць яго не паспелі.

У той жа момант на пантоне адзін з дзядзькоў узмахнуў рукою, і глухі гул-выбух страсянуў наваколле. На месцы рыфаў і атольчыкаў, што перагароджвалі ўваход у лагуну, паўсталі агромністыя белыя слупы вады і абломкаў каралаў. Апалі, заплёхалі цяжка ў ваду абломкі рыфаў.

— Мансур!!! — закрычалі спалохана Янг і Тун, ластаўкамі ўзвіліся ў паветра, боўтнуліся ў ваду. Скокнуў за імі і сабака.

Мансур усплыў сярод рознакаляровых рыб неяк ненатуральна, перакручваючыся на бок, потым паказаў жывот і перавярнуўся на другі бок, пачаў апускацца на дно. І тут яго падхапілі Янг і Тун, павалаклі да астраўка. Павярнуў за імі і сабака.

З Мансуравых вушэй і носа цякла кроў. Яго трохі патармасілі, паціскалі, і ён закашляўся, выплёўваючы ваду. Жывы!

— Мансур! Хоць слова скажы! Мансур! — упрошвалі хлопцы. Сабака паціху заскавытаў.

А Мансур толькі стагнаў і скрыгатаў зубамі, вачэй не расплюшчваў.

— Дык што ж гэта робіцца?! — закрычаў Тун. — Учора двух забілі, і сёння… Што нам бацька яго скажа?!

— Хутчэй у вёску, мо хто паможа яму… Павярні тварам уніз! Прыпадымі! — калі Тун падняў Мансура, Янг падлез пад яго так, каб галава і адна рука Мансура былі на адным плячы, а другая рука — на другім. Ступіў, сагнуўшыся, у ваду. — Збоку плыві, будзеш страхаваць.

Цяжкі быў Мансур. Пакуль дабраліся да трэцяга астраўка, а потым да другога, Янг сам наглытаўся вады. Далей ужо цягнулі Мансура ўдвух, пад руку, паклаўшы на ваду дагары. Янг гроб леваю, Тун — праваю рукою.



18 из 405