Гэта, вядома, быў жарт. Але капанне на невялічкім участку захапіла мяне і ўсіх маіх сямейцаў. Мы, як, дарэчы, і нашы суседзі, паступова пачалі адчуваць сябе антэямі, якім дае сілу адзін толькі дотык да роднай зямлі. А я ж капаўся на ўчастку цэлае лета, бо вырашыў уласнымі рукамі заліць падмурак пад хату.

Трэба зазначыць, што сыны ў мяне з фантазіяй. «Добра было б выкапаць зараз паўнюткі гаршчок золата», — сказаў аднойчы малодшы сын, выціраючы з ілба гарача-салёны пот. «Золата? На гэтым полі?» — іранічна глянулі на яго старэйшы і сярэдні мае сыны. Юныя няверы мелі рацыю. У свой час гэта зямля стваралася не для золата. Калісьці ледавік, як няўмольны магутны бульдозер, прыпоўз сюды са Скандынавіі і страціў сілу, пакінуўшы пасля сябе безліч марэнных узгоркаў. Не адну рыдлёўку разбіў я з сынамі аб камяні. «Добра было б выкапаць тут старадаўнюю берасцяную грамату, — не здаваўся малодшы. — Да Заслаўя адсюль два кіламетры, а Заслаўю — тысяча гадоў». Пры гэтых словах ягоныя апаненты прыціхлі і спарней налеглі на рыдлёўкі. А я з нечаканым сорамам адчуў, што яшчэ тыдзень-другі, і садавод накаўціруе ўва мне пісьменніка, які, як пішуць крытыкі-ўсяведы, «распрацоўвае гістарычную тэматыку». Я ж і сапраўды капаюся ў святой зямлі! Амаль тысячу гадоў назад тут магла хадзіць Рагнеда! Ізяслаў мог ехаць следам за маці на рахманым нетаропкім коніку! Будучы полацкі князь быў яшчэ дзіцем, і яму давалі адпаведнага каня!

Назаўтра ў нашым сямейным катлаване, які мы капалі ўжо месяц, пачалі адбывацца цуды. «Знайшоў!» — крыкнуў раптам старэйшы сын, укленчыў і голымі рукамі пачаў разграбаць рыжы вільготны жвір. «Нейкая жоўтая папера! Нейкія старадаўнія пісьмёны!» — усхвалявана залапаталі два астатнія мае жэўжыкі. Ах, манюкі! Ах, мілыя сабачаняты! Вось чаму яны ўвесь вечар круціліся ўчора, як змоўшчыкі, каля газоўкі — рыхтавалі, капцілі «старадаўнюю паперу», а сёння падкінулі яе ў катлаван. Класічны прыклад навукова-археалагічнай фальсіфікацыі! Было ўжо такое, сынкі, не раз было.



2 из 295