Нядаўна я даведаўся, напрыклад, што ёсць вучоныя, якія катэгарычна адмаўляюць існаванне ўсёй антычнасці, гэта значыць не вераць у старадаўнюю Грэцыю і Рым, ва ўсе гэтыя цудоўныя статуі, будынкі, фрэскі. Маўляў, іх «падрабілі» тытаны Адраджэння. Шмат жа давялося б ім падрабляць! Але як бы там ні павярнулася, я быў удзячны сынам за своечасовы напамінак, што зямля, на якой мы будавалі сваю хату, не магла быць і не была бясплоднай у гістарычным плане. Гісторыю і экзотыку мы, беларусы, шукаем звычайна ў Францыі, чытаючы Дзюма, у Англіі і Шатландыі, чытаючы Вальтэра Скота. Але яшчэ Сенека сказаў: «Радзіму любяць не за тое, што яна вялікая, а за тое, што яна радзіма».

Так з садавода-аматара я зноў ператварыўся ў белетрыста. І ўсе мае думкі ўладна прыцягнуў, прывабіў да сябе паўночна-заходні кут Беларусі. Сапраўды, мы шмат ведаем, шмат чыталі пра Полацк і Мінск. А што мы ведаем (прабач, Заслаўе) пра Навагрудак? Толькі тое, што там ёсць замак Міндоўга і што ў тым краі нарадзіўся і тую цудоўную зямлю да самай смерці апяваў Адам Міцкевіч, называючы яе «Літвою». У галаве ў мяне, як стрэмка, засела: Навагрудак, Навагрудак… Я не раз бываў там, бачыў залітую месячным святлом Свіцязь, кратаў рукою халодныя валуны Міндоўгавага замка. Здалёку руіны замка нагадваюць зубы, іклы нейкай дагістарычнай жывёліны, якая ў страшэннай напрузе хоча выпнуць з-пад зямлі галаву.

Мяне зацікавіла сама назва горада. Чаму — Навагрудак? Гэта вынік паланізацыі, тлумачылі мне. Слова «гарадок» пад уплывам польскай мовы пачало вымаўляцца як «грудак». Але я паспрабаваў не згадзіцца. А чаму гэта назва не магла пайсці ад старадаўняга беларускага слова «груд», «грудок», што азначае ўзвышанае месца, бугор? Прыйшлі аднекуль аднойчы людзі, убачылі прыгожае высокае месца, новы груд, і заклалі горад, сказаўшы: «Хай пад божым сонцам будзе новы град на новым грудзе». Але, калі я перачытаў беларуска-літоўскія летапісы, давялося адмовіцца ад сваёй, здавалася б, такой абгрунтаванай і смелай думкі. Усе летапісцы называлі горад «Новогородком», а жыхароў горада — «новогорожаны», «новогорожане». Значыць, усё-такі не «груд», а «горад», «гарадок».



3 из 295