
— Ты хто? — не вытрымаў, прысеў побач з ім на кукішкі новагародскі меднік Бачыла.
— Чалавек, — ледзьве варушачы языком, адказаў калека.
— Бачу, што чалавек, — зазлаваў меднік. — Але хто цябе так абкарнаў, як бярозу пры дарозе?
Бачыла быў чалавек вельмі цікаўны, гаваркі. Нездарма новагараджане жартавалі, што калі меднік гаворыць, у яго агонь з рота скача. Бачыла аж працінаў калеку зялёнымі, як маладая трава, вачамі.
— Хто ты? — насядаў ён. — Скажы.
— Слізкі ж у цябе язык, — не вытрымала ўдавіца Мархва. Мужа яе, дружынніка Астаха, у мінулым сонцавароце забілі тэўтоны.
Бачыла, як шылам кальнуў, зірнуў на ўдавіцу, хацеў ударыць гняўлівым словам, але ў натоўпе прашумела:
— Далібор ідзе… Далібор…
Княжыча Далібора ўсе пабойваліся. Было яму толькі васемнаццаць сонцаваротаў, але постаць меў карчавітую, далоні каляныя, чэпкія, твар нахмурана-суровы, а вочы няўсмешлівыя. Чорныя валасы густой грываю спадалі на загарэлую да цемнаты шыю. Далібор уладным позіркам як бы рассунуў перад сабой натоўп, спытаўся, узяўшы рукі ў бокі, у прыхадня:
— Адкуль ты і што табе трэба ў Новагародку?
Ен заўсёды стараўся гаварыць «па-княжаму» — Наваградак называў Новагародкам.
Калека ўздрыгнуў, выгінаючыся ўсім тулавам, няўклюдна сеў на пясок. Хацеў устаць перад княжычам, але не змог, не хапіла сілы, і ён сказаў, седзячы:
— Як вада да вады, так і кроў да крыві дарогу знойдзе.
— Калі я цябе зразумеў, ты з Новагародскай зямлі? — строга звёў чорныя бровы Далібор.
— Сысунком-млекасосцам купала мяне маці ў Нёмане, а завуся я Валасачом. Нагу ж і шуйцу
— Дык гэта ж вяшчун з Цёмнай гары, — спалохана і разгублена прамовіла яна. — Як я яшчэ зялепухай-дзеўчынёхаю была, ён на Цёмнай гары сядзеў, святое вогнішча паліў. Бацька князя Ізяслава, князь Васілька, прагнаў яго за Нёман, у пушчу. І яго старцоў-ведуноў прагнаў. Дванаццаць старцоў жыло на гары. Праўда ж, ты — вяшчун?
