
Я тады змоўчаў, але падумаў, маючы на ўвазе гэтага звышупэўненага рыцара сучаснай тэматыкі: «Дрэнная тая птушка, якая брудзіць уласнае гняздо». І мне ўспомніліся словы мудрага чалавека: «Час і наша жыццё, як страла, ляцяць у адным кірунку, уперад. Назад мы можам рухацца толькі памяццю».
Чаму мы ў большасці сваёй не ведаем імёнаў уласных прадзедаў? Вы скажаце, што мы не шляхцюкі, не дваране, што рабочыя або сяляне з-за сваёй сацыяльнай забітасці і прыніжанасці не мелі магчымасці цікавіцца сваім радаслоўным генеалагічным дрэвам. Што ж, у гэтым ёсць рацыя. Але кітайскія і в'етнамскія сяляне, калі іх спытаць, упэўнена назавуць імя любога свайго продка, які жыў тысячу гадоў назад. Значыць, трэба вучыцца гістарычнай памяці. Іншага шляху няма, калі мы хочам застацца народам.
Думаючы пра ўсё гэта, адчыняю жалезныя дзверы памяці, бяру ў руку пяро.
Частка першая
І
У лютую чэрвеньскую спёку прывалокся з-за Нёмана калека. У яго не было левай рукі і правай нагі. Замест іх з дзіравага запыленага радна тырчалі кароценькія чырвоныя кульцяпкі. Мухі, чорныя і сінія, роем насіліся над ім, садзіліся на непакрытую спатнелую галаву, нават на бровы і вейкі, нібыта быў ён ужо мерцвяком.
Яму адчынілі браму новагародскага замка, і ён адразу ж упаў, уткнуўся тварам у гарачую зямлю, заплакаў. Крываваты дубовы дручок, на які ён абапіраўся, ляжаў побач. Мухі з прагнасцю абляпілі дручок, смакталі чалавечы крывавы пот.
Усе дзівіліся, як мог адолець такі калека такую доўгую цяжкую дарогу. З адной нагою і з адной рукою толькі на палацях ляжаць, а гэты, калі верыць яму, прыйшоў з правага нёманскага берага.
Новагараджане, усхвалявана перагаворваючыся, стоўпіліся вакол прыхадня, чакалі, пакуль ён аддыхаецца і можна будзе распытаць яго. Нехта здагадаўся прынесці карэц з халоднай вадою. Калека, не ўстаючы з зямлі, доўга піў, аж нешта шчоўкала ў ягоным горле.
