А мiж тым Сакрат, наеўшыся ўдосталь, адчуў смагу. Ён жа з'еў добрую палову дабрэннага сыру. Паводдаль ад платана працякала цiхая рэчка, падобная на стаў, што блiшчыць, як шкло або серабро.

"Вунь, — кажу, — праганi смагу жывой вадкасцю гэтай крынiцы". Ён устае, скiдае з сябе верхнюю вопратку, знаходзiць зручнае месца на беразе, становiцца на каленi i, нахiлiўшыся, прагна цягнецца да вады. Але, як толькi ён дакрануўся да плынi, рана на яго шыi адкрываецца, губка выпадае з яе, i разам з ёй i некалькi кропель крывi. Амярцвелае цела звалiлася б у ваду, каб я, схапiўшы за нагу, з вялiкай цяжкасцю не выцягнуў яго на высокi бераг. Тут я, аплакаўшы свайго няшчаснага спадарожнiка, засыпаў яго навек зямлёй. А сам у вялiкiм страху, трасучыся за сваю бяспеку, уцякаю i рознымi пустэльнымi i кружнымi шляхамi, быццам я сапраўды забiў чалавека, мiнаю радзiму i родны дом, добраахвотна зрабiўшыся выгнанцам. Цяпер, ажанiўшыся, зноў жыву ў Этолii".

20. Вось што расказаў Арыстамен.

Аднак ягоны спадарожнiк, якi з самага пачатку недаверлiва ставiўся да апавядання i не хацеў яго слухаць, сказаў:

"Няма большай выдумкi i бязглуздзiцы, чым гэтая мана!" Пасля звярнуўшыся да мяне: "I ты, з вопраткi i выгляду адукаваны чалавек, верыш гэтым казкам?"

"Я, — адказваю яму, — нiчога не лiчу немагчымым, i па-мойму, усяляк можа са смяротным чалавекам здарыцца. I са мной, i з табой, i з кожным iншым здараюцца дзiўныя i амаль неймаверныя справы, якiм, калi расказаць iх недасведчанаму, нiхто не паверыць. Але я клянуся Геркулесам, што гэтаму чалавеку веру i ўдзячны яму вялiкай удзячнасцю за тую асалоду, якую ён нам зрабiў цiкавай гiсторыяй. Я без натугi асiлiў гэту цяжкую i доўгую дарогу. Здаецца нават, што i конь мой цешыцца, што, не турбуючы яго, я да самых гарадскiх варот даехаў на сваiх вушах".



11 из 215