21. Тут закончылася наша падарожжа i разам з тым наша гутарка, бо абодва мае спадарожнiкi павярнулi ўлева да недалёкага хутара, а я, увайшоўшы ў горад, падышоў да першай, якая мне трапiлася, карчмы i пачаў распытваць пажылую гаспадыню. "Гэты горад, — кажу, — называецца Гiпата?" Яна пацвердзiла. "Цi не ведаеш ты Мiлона, аднаго з найбольш знатных тут людзей?" Яна засмяялася. "Сапраўды, — кажа, — найпершым грамадзянiнам тут лiчыцца Мiлон. Яго ж дом сама першы за гарадскiмi варотамi". — "Пакiнь жарты, добрая цётка, i скажы, калi ласка, што ён за чалавек i дзе жыве?" — "Бачыш, — кажа, — крайнiя вокны, што глядзяць на горад, а з другога боку побач брама на завулак выходзiць? Там гэты Мiлон i жыве. Гэта страшэнны багацей, набiты грашыма, але скупы да крайнасцi i ўсiм вядомы як чалавек сама подлы i крывадушны. Ён займаецца лiхвярствам, пад заклад золата i серабра дзярэ вялiкiя працэнты, адданы толькi нажыве, запёршыся ў сваёй хаце, жыве там з жонкай, якая раздзяляе з iм ягоную прагавiтасць. Ён трымае толькi адну служанку i заўсёды ходзiць, як жабрак". На гэта я, засмяяўшыся, падумаў: вось дык карысную i прадбачлiвую рэкамендацыю даў мне на дарогу Дамея. Да такога чалавека ён мяне накiраваў, у гасцiнным доме якога не трэба будзе баяцца нi чаду, нi кухоннага смуроду.

22. Дом аказаўся побач, я падыходжу i пачынаю стукаць i крычаць у наглуха зачыненыя дзверы. Нарэшце нейкая дзяўчына адзываецца. "Гэй, ты, — кажа, — чаго грукочаш у дзверы? Пад якi заклад хочаш узяць пазычку? Хiба ты адзiн не ведаеш, што, апроч золата i серабра, у нас нiчога не прымаюць?" "Пазыку? Ну не. Зыч мне, — кажу, — чаго-небудзь лепшага i хутчэй кажы, цi ўдому твой гаспадар?" "Вядома, — адказвае яна, — а навошта ён табе патрэбен?" "Я прынёс яму пiсьмо ад Дамеi з Карынфа". "Зараз далажу, — адказвае, — пачакай мяне тут". Сказаўшы гэта, зноў замкнула дзверы i пайшла. Праз некалькi хвiлiн адчынiла i кажа: «Запрашаюць».



12 из 215