5. Пакуль я так няспынна гляджу на ўсё гэта з вялiкай прыемнасцю, Бiрэна кажа: "Усё, што бачыш, лiчы сваiм". Пасля гэтага адпраўляе ўсiх, каб пагаварыць са мной без сведкаў.

Калi мы засталiся адны, яна сказала: "Гэта багiня, дарагi Луцый, зарука, што я за цябе вельмi трывожуся i баюся i як роднага сына хачу выратаваць ад небяспекi. Сцеражыся, ой сцеражыся злога майстэрства i злачынных чараў гэтай Памфiлы, жонкi Мiлона, якi, як кажаш, з'яўляецца гаспадаром тваёй кватэры. Яна ў нас славiцца першай ведзьмай, якая ўмее выклiкаць душы нябожчыкаў. Нашэпча на палачку, на каменьчык цi на якую iншую дробязь, i ўсё зорнае скляпенне скiне ў пекла, i ўвесь свет апусцiцца ў спрадвечны хаос. Як толькi ўбачыць прыгожага юнака, адразу захапляецца ягоным выглядам i прыкоўваецца да яго душой i вачыма. Спакушае яго, авалодвае яго сэрцам i навек звязвае яго ланцугамi ненасытнага кахання. А калi хто супрацiвiцца i пагрэбуе ёю, зараз жа ператварае яго ў камень, у жывёлу, у любога звера або i зусiм знiшчае.

Вось дзеля чаго я хвалююся i баюся за цябе i раджу табе асцерагацца. Яна няспынна пакутуе юрам, а ты па ўзросту i прыгажосцi ёй падыходзiш…"

Гэтак усхвалявана вяла са мной гутарку Бiрэна.

6. А я, i так поўны цiкаўнасцi, як толькi пачуў даўно жаданае слова «магiя», дык замест таго, каб пазбягаць падкопаў Памфiлы, пачаў усёй душой iмкнуцца за любую цану аддаць сябе пад яе ўплыў, гатовы стрымгалоў кiнуцца ў бездань. Не помнячы сябе ад нецярплiвасцi, я вырываюся з рук Бiрэны, як з кайданоў i, хутка сказаўшы «бывай», iмчуся ў дом Мiлона. Паскараючы крок, як дурнаваты, кажу сам сабе: "Дзейнiчай, Луцый, не будзь разявакам i трымайся! Вось табе жаданы выпадак, цяпер можаш здаволiцца даўно чаканымi цудоўнымi казкамi. Адкiнь дзiцячыя страхi i горача бярыся за справу, толькi ўстрымайся ад абдымкаў сваёй гаспадынi i лiчы свяшчэнным ложак сумленнага Мiлона! Аднак трэба асаблiва пастарацца каля служанкi Фацiды! Яна ж i з твару прынадная, i рэзвага нораву, i вострая на язык.



18 из 215