
7. Так разважаючы, дайшоў я да Мiлонавых дзвярэй, галасуючы, як гаворыцца, за сваю прапанову. Але дома не застаю нi Мiлона, нi яго жонкi, а толькi маю дарагую Фацiду. Яна рыхтавала сваiм гаспадарам рагу, прыемны пах якога я пачуў ужо здалёк. Апранутая была яна ў палатняную тунiку, падперазаную высока пад грудзьмi прыгожым чырвоным поясам, i спрытнымi ручкамi размешвала цеста ў гаршку, а яе гэтыя кругавыя рухi суправаджалiся частымi ўздрыгваннямi, i ад таго яе клубы плаўна, ледзь прыкметна пакалыхвалiся, а спiна яе цудоўна хвалявалася i хiсталася. Захоплены гэтым вiдовiшчам, я аслупянеў, стаю i дзiўлюся; узрушылiся i мае члены, якiя былi дагэтуль у супакоi. Нарэшце я звяртаюся да яе: "Як цудоўна, як мiла патрасаеш ты, прыгожая Фацiда, гэтым рондалем i сваiмi ягадзiцамi! Якую цудоўную рыхтуеш ежу! Тройчы шчаслiвы той, каму ты хоць пальцам дакрануцца да яе дазволiш!" На гэта дзяўчына, наколькi прыгожая, настолькi развязная, кажа: "Адыдзiся ад майго агню, бядак, бо калi нават найменшая мая iскра цябе запалiць, дык ушчэнт згарыш! Тады нiхто, апроч мяне, агню твайго не патушыць, бо я не толькi рондалi, але i ложак патрасаць умею!"
8. Сказаўшы гэта, глянула на мяне i засмяялася. Аднак я не адышоўся, пакуль усю яе не агледзеў, прытым найбольш мяне цiкавiлi яе твар i валасы. На iх глядзеў я раней хцiвымi вачамi пры людзях, iмi цешыўся пасля ў сваiм пакоi. Прычына гэтай маёй асаблiвай увагi ясная i зразумелая, бо гэта частка цела заўсёды адкрытая i найперш трапляе нам на вочы, i чым для рэшты цела служаць расквечаныя вопраткi, тым для твару валасы — яго прыроднае ўпрыгожванне.
