23. Даведаўшыся пра гэта, я прымаю рашэнне, у той жа момант падыходжу да вяшчальнiка i кажу: "Досыць табе крычаць. Вось вартаўнiк, пагаворым пра цану". "Тысяча нумаў вызначаецца табе, — кажа той, — толькi пастарайся пiльна сцерагчы труп ад злых гарпiяў, бо гэта цела сына аднаго з сама знакамiтых жыхароў горада!" "Глупства, — кажу, — ты мне ўтлумачваеш. Я чалавек жалезны, якога сон не бярэ, пiльнейшы, чым Лiнцэй цi Аргус, адным словам, я ўвесь вока!"

Толькi я гэта сказаў, як ён ужо вядзе мяне да нейкага дома з наглуха зачыненай брамай. Упусцiў мяне праз нейкую маленькую брамку, адчынiў дзверы ў цёмны з пазачынянымi вокнамi пакой, дзе сядзела збедаваная матрона, захутаная ў цёмнае адзенне. Наблiзiўшыся да яе, ён кажа: "Вось прыйшоў чалавек, якi не збаяўся наняцца вартаўнiком твайго мужа".

Тады яна адкiнула валасы, якiя закрывалi яе твар, i, паказаўшы прыгожае, нягледзячы на гора, аблiчча, гаворыць, пазiраючы мне ў вочы: "Глядзi, прашу цябе, як найпiльней зрабi гэту справу". "Не турбуйся, — адказваю ёй, — толькi падрыхтуй адпаведную ўзнагароду".

24. Заспакоеная адказам, яна ўстала i вядзе мяне ў другi пакой. Там знаходзiлася цела, накрытае белым пакрывалам. Паклiкаўшы сямёра сведкаў, дама зняла палотны, хвiлiну паплакала над памерлым i ўрэшце паклiкала прысутных засведчыць, што цела не пашкоджанае, i пачала пералiчваць розныя яго часткi, а нехта побач запiсваў яе словы ў таблiчкi. "Вось, — кажа, — нос цэлы, вочы непапсаваныя, вушы цэлыя, губы нечапаныя, падбародак ёсць. Ува ўсiм гэтым вы, добрыя квiрыты, будзьце сведкамi". Пасля гэтага да таблiчак былi прымацаваны пячаткi, а яна накiравалася да выхаду. А я кажу: "Загадай, панi, каб падрыхтавалi ўсё патрэбнае мне для работы". "А што менавiта?" — пытаецца. "Лямпу, — кажу, — алею, каб да свiтання хапiла святла, цёплай вады, добры збан вiна, келiх ды паднос з астаткам вашай вячэры". Тут яна пакiвала галавой i кажа: "Цi пры сваiм ты розуме? У доме жалобы хочаш атрымаць вячэру тады, як у нас ужо каторы дзень на кухнi не паляць! Ты што, банкетаваць сюды прыйшоў? Лепш бы пабедаваў i паплакаў, як у такiм месцы належыць!" Пасля гэтага звярнулася да служанкi: "Мiрына, прынясi зараз лямпу i алею, потым замкнеш вартаўнiка i вяртайся".



28 из 215