25. Так пакiнуты сам-насам з трупам, я працiраю вочы, каб адбiцца ад сну, i, каб падбадзёрыцца, спяваю цiха нейкую песеньку. Тым часам пачынае змяркацца, цямнее, цемра гусцее, настае глыбокая ноч i поўная цемрадзь. А мой страх усё павялiчваецца. Раптам аднекуль выпаўзае ласка, спыняецца насупраць мяне i так пiльна глядзiць на мяне, што ад такой нахабнасцi гэтага маленькага звярка я зусiм збянтэжыўся. Нарэшце кажу ёй: "Iдзi прэч, паганае стварэнне! Выбiрайся да мышэй, яны твая кампанiя, iдзi, пакуль я цябе не выкiнуў вон! Iдзi прэч!" Яна павярнулася i ўмомант знiкла. Але ў тую ж хвiлiну глыбокi сон апусцiў мяне ў нейкую бездань так, што сам дэльфiйскi бог не змог бы адгадаць, якое з двух ляжачых цел было нежывое. Гэтак, нiчога не адчуваючы i сам маючы патрэбу ў вартаўнiку, я нiбыта ў тым пакоi i не быў.

26. I вось моцны крык пеўня абвясцiў, што ноч канчаецца. Я прачнуўся, ахоплены страхам, i бягу са свяцiльнiкам да трупа, адхiнаю з твару пакрывала i пачынаю разглядаць кожную рыску — нiчога не было пашкоджана. Зараз жа i збедаваная жонка са слязьмi, у трывозе ўваходзiць з учарашнiмi сведкамi, кiдаецца на цела мужа, доўга абсыпае яго пацалункамi i пры святле лямпы пераконваецца, што ўсё ў парадку. Тады, адвярнуўшыся, клiча свайго загадчыка хатнiх спраў Фiладэспата i загадвае яму выдаць добраму вартаўнiку плату. Грошы хутка прынеслi, i дама мне гаворыць: "Мы табе, хлопча, вельмi ўдзячныя, i, клянуся Геркулесам, за такую добрую службу будзем лiчыць цябе ад гэтай хвiлiны членам нашага дому". На гэта я, узрадаваны нечаканым набыткам i адурманiўшыся блiскучымi залатымi манетамi, якiмi падзынкваў у руцэ, кажу: "Лiчы мяне, панi, сваiм слугой i, колькi б разоў нi аказалася патрэба ў маёй службе, смела мне загадвай!"



29 из 215