Ледзь толькi я гэта сказаў, як прысутныя, праклiнаючы жудаснае прароцтва, накiнулiся на мяне: хто кулаком заехаў у зубы, хто локцямi таўчэ ў плечы, хто рукамi дае пад бакi, нагамi топчуць, за валасы цягаюць, iрвуць адзежу…

Так, абдзёрты i раскалмачаны, нiбы ганарысты Аанiйскi юнак або сын пiплейскай музы, быў я выкiнуты з дому.

27. I пакуль я на суседняй вулiцы ачухаўся, прыпамiнаючы са спазненнем бязглуздае i злавеснае значэнне сваiх слоў i прызнаючы, што варт яшчэ большага пакарання, аплаканага i абгалошанага нябожчыка вынеслi з дому. А дзеля таго, што хавалi арыстакрата, дык старым звычаем, наладжаная за грамадскi кошт, багатая працэсiя праходзiла праз форум.

Тут падбягае нейкi стары ў цёмнай вопратцы i ў скрусе i слязах iрве свае шляхетныя сiвыя валасы, а потым, абняўшы абедзвюма рукамi катафалк, зычным голасам, хоць i перапыняным уздрыгваннем, пачынае выкрыкваць: "Заклiнаю вас, квiрыты, вашым добрым iмем i ўсiм для вас святым, заступiцеся за забiтага грамадзянiна i надзвычайнае злачынства гэтай бессумленнай жанчыны сурова пакарайце! Гэта яна, i нiхто iншы, атруцiла беднага юнака, сына маёй сястры, каб дагадзiць сваiм каханкам i захапiць спадкi!"

Гэтак у горкай жальбе звяртаўся стары то да аднаго, то да другога. Тым часам натоўп пачаў пагрозлiва хвалявацца, праўдападабенства выпадку змушала верыць у злачынства. Адны пачалi крычаць, што яе трэба спалiць, другiя хапацца за каменне i падгаворваць хлапчукоў забiць злачынную жанчыну. А тая, аблiваючыся слязьмi i кленучыся сама страшнымi кляцьбамi з заклiнаннем у сведкi ўсiх жыхароў неба, пярэчыла абвiнавачанню.

28. Нарэшце стары кажа: "Здамося на найвышэйшую сiлу, якая скажа, дзе праўда. Тут прысутнiчае Затхлас, адзiн з вядомых эгiпецкiх прарокаў, якi згадзiўся за вялiкую ўзнагароду выклiкаць на хвiлiну душу з таго свету i вярнуць на хвiлiну гэтаму целу жыццё". З гэтымi словамi выводзiць на сярэдзiну нейкага юнака ў iльняной вопратцы, у пальмавых сандалях, з гладка паголенай галавой.



30 из 215