
Але ён спалохана прыставiў палец да вуснаў. "Маўчы, — кажа, — маўчы!" А сам азiраецца, цi хто не пачуў. "Сцеражыся, — кажа, — жанчыны-чараўнiцы, бо можаш сабе непаўстрыманым языком наклiкаць бяды". "Так? — запытаўся я насмешлiва, — што ж гэта за жанчына, твая карчмарка, уладарнiца i каралева?"
"Яна ведзьма i чараўнiца, — адказвае ён, — яна можа неба апусцiць, зямлю падвесiць, ручаi зрабiць цвёрдымi, горы расплавiць, нябожчыкаў узняць, багоў звесцi, зоркi патушыць i нават тартар асвятлiць!" "Даволi, — кажу, — апусцi гэту трагiчную заслону i складзi сваю тэатральную шырму, гавары па-людску".
"Хочаш, — пытаецца, — пра адну, пра дзве, ды што там! аб процьме штук яе паслухаць? Выклiкаць любоў да сябе не толькi жыхароў гэтага краю, але Iндыi, абедзвюх Эфiопiяў i нават антыхтонаў — ёй глупства, дзiцячыя забаўкi! Але паслухай, што яна зрабiла на вачах у многiх людзей.
9. Свайго палюбоўнiка, якi асмелiўся пакахаць другую жанчыну, адным словам абярнула ў бабра, бо гэты звер, калi яму пагражае небяспека быць злоўленым, абрывае свае палавыя органы. Яна спадзявалася, што i з iм, за тое, што панёс каханне набок, здарыцца нешта падобнае. Суседняга карчмара, свайго канкурэнта, ператварыла ў жабу. I вось цяпер гэты стары запрашае сваiх даўнейшых клiентаў хрыплым кваканнем, плаваючы ў вiннай бочцы. Аднаго юрыста, якi выказаўся супраць яе, зрабiла бараном, i вось той так бараном i вядзе справы. А яшчэ: жонка аднаго яе палюбоўнiка аднойчы яе аблаяла, а сама была цяжарная, дык тая зачаравала яе на вечную цяжарнасць, стрымаўшы зародак i замкнуўшы ёй чэрава. Кажуць, што ўжо восем гадоў ходзiць тая бядачка з вялiзным жыватом, быццам павiнна нарадзiць слана.
10. Гэта апошняе злачынства i зло, якое працягвала яна прычыняць людзям, выклiкалi агульнае абурэнне, дык было пастаноўлена аднаго дня набiць яе назаўтра каменнем.
