
Аднак яна сiлай заклiнанняў разбурыла гэты план помсты. Як тая славутая Медэя, выпрасiўшы ў Крэонта адзiн дзянёк адтэрмiноўкi, усю яго сям'ю, i дачку, i самога старога спалiла полымем ад свайго вянка, так i гэта, правёўшы над ямай пахавальныя маленнi (як мне аднойчы сама, будучы ў хмелi, расказала), пры дапамозе тайнага гвалту над багамi ўсiх жыхароў замкнула ў iхнiх памяшканнях так, што два днi не маглi яны нi збiць замкоў, нi дзвярэй выламаць, нi нават сцен прасекчы, аж пакуль з агульнай згоды не пачалi прасiцца, кленучыся, што не толькi не зробяць ёй благога, але нават дапамогуць ёй, калi хто-небудзь супроць яе выступiць. На гэтых умовах яна злiтавалася i горад вызвалiла. А пачынальнiка гэтай задумы глухой ноччу запёртага, як ён быў, з усiм домам, сценамi, з грунтам, з падмуркам перанесла за сто мiль у другi горад, змешчаны на вяршынi крутой гары i дзеля таго цалкам бязводнай. А калi выявiлася, што там будынкi мясцовых жыхароў стаялi вельмi шчыльна i не было яму месца, дык кiнула дом перад гарадской брамай i вярнулася дамоў".
11. "Дзiўныя ты мне, — кажу, — Сакрат, i не меней жудасныя справы расказваеш, ажно ўвагнаў мяне ў неспакой, а нават страх, каб твая старая, выкарыстаўшы паслугi якога-небудзь бажка, не даведалася пра нашу гутарку. Давай хутчэй ляжам спаць i, адпачыўшы, яшчэ да свету выберамся адгэтуль чым найдалей!"
Я яшчэ прадаўжаў свае разважаннi, а мой добры Сакрат ужо спаў i хроп, стамiўшыся за дзень i выпiўшы вiна, ад якога адвык. Тады я замыкаю пакой, правяраю засаўкi, шчыльна прыстаўляю ложак да дзвярэй, каб загарадзiць уваход, i кладуся. Спярша ад страху не сплю даволi доўга, а пасля каля трэцяй варты вочы пачынаюць памалу злiпацца.
Ледзь толькi я заснуў, як раптам з такiм грукатам, што i разбойнiкi не нарабiлi б, дзверы расхiнулiся цi, правiльней кажучы, былi вывернутыя i сарваныя з крукоў. Мой ложак, кароценькi, гнiлы i трохногi, валiцца ад гэтага напору на мяне i, ляжачага на зямлi, цалкам сабой прыкрывае.