Нарэшце надышоў самы вялікі, урачысты і адказны момант — здабыванне агню. Сэрцы ў хлопцаў застукалі мацней, рукі дрыжалі. Мусіць, з такім самым пачуццём тысячагоддзі назад у якім-небудзь першабытным храме людзі прыступалі да здабывання свяшчэннага агню.

— Ці высахлі яны?

Памацалі з усіх бакоў — здаецца, высахлі.

Чыркнуў Віктар раз, другі — нічога… Толькі белы след застаўся на карабку.

— Мусіць, не досыць высахлі, — сумна сказаў Мірон. — Болей псаваць не варта.

— Мая кашуля ўжо высахла, я палажу іх пад паху, — сказаў Віктар.

А пакуль што прытуліліся ў сваім логаве без агню.

II

Першая ноч. — Начная дужанка. — Заяц, які дзюбаецца. — Апошнія запалкі. — Дадому.


Сонца ўжо зайшло, але яшчэ цэлую гадзіну трымаўся шэры змрок. Над возерам са свістам праляталі качкі, спяшаліся на начлег. Уверсе пачуўся жураўліны крык. Вось ён мацнее, робіцца больш выразным: відаць, жураўлі спускаюцца на адпачынак.

— Вось добра было б, каб які-небудзь журавель ці гусь сеў нам на галаву! — прамовіў Віктар.

— Што б ты з ім рабіў без агню? — уздыхнуў Мірон.

— З'еў бы сырога.

Мірон перавярнуўся на спіну, зірнуў на зоркі. Яны так прыгожа зіхацелі! Ласкава шапталіся верхавіны дрэў. Мусіць, дома цешацца цяпер добрым веснавым надвор'ем, а яны…

— Вось да чаго даводзіць свавольства! — нібы сам да сябе прамовіў Мірон. — Каб мы папрасілі човен у гаспадара, дык цяпер людзі ведалі б, дзе мы, і прыехалі б па нас. А так, нават калі і знойдуць дзе човен, то не будуць ведаць, якім чынам ён там апынуўся. Паслухаўся цябе…

— Ну-ну, няма чаго наракаць, — нездаволена забурчаў Віктар. — Ніхто цябе не прымушаў. Калі ты такая цаца, дык не трэба было згаджацца. А ісці за паўкіламетра шукаць гаспадара і ў цябе самога не было ахвоты. З'есці збіраліся мы гэтую душагубку, ці што? Каб не такі выпадак, вярнулі б на месца — і ўсё.



13 из 133