
Мірон змоўк. Усё роўна справы не паправіш. А спадзявацца на дапамогу няма чаго. Ніхто іх тут не ведае. Калі і бачыў хто, што паплылі недзе нейкія два хлопцы, то нікому не прыйдзе ў галаву пацікавіцца, дзе яны дзеліся. Прыйдзецца самім шукаць дарогу.
Паветра рабілася ўсё больш сырым і халодным. Добра яшчэ, што ветру не было. Крыху дапамагала таксама тое, што, шчыльна прытуліўшыся, яны маглі грэць адзін аднаго.
Час цягнуўся марудна. Голад і холад не давалі заснуць. Хлопцы вымушаны былі варочацца з боку на бок. Задрамалі, але хутка так змерзлі, што пачалі ляскаць зубамі. Было, мусіць, пасля поўначы. Віктар не вытрымаў і ўскочыў.
— Гэй, уставай! — штурхануў ён Мірона.
— А? Чаго?…
— Выклікаю цябе на спаборніцтва!
— А? Што?…
— Уставай дужацца!
— Што? Чаго? — мармытаў Мірон. — Не лезь!
Але Віктар ухапіў Мірона за ногі і павалок па зямлі. Мірон не толькі ачухаўся, але раззлаваўся.
— Ты чаго лезеш? — закрычаў ён. — Чаго спаць не даеш? Я цябе зараз…
— Ціха, ціха! — сказаў Віктар. — Я цябе не біцца выклікаю, а дужацца. Дужацца, каб сагрэцца. Разумееш?
— А!…
І сярод начной цішы пачалася дужанка… Віктару хутка ўдалося паваліць Мірона. Той пакрыўдзіўся:
— Пачакай! Пачакай! Ты ж не даў мне добра ўзяцца, адразу накінуўся. Давай яшчэ раз, вось так. Пагледзімо, як цяпер…
І дужанка зноў пачалася, ды яшчэ як заўзята!…
Змарыліся, паляглі. Паспалі крыху і зноў пачалі варушыцца. Раптам недзе побач пачуўся дзікі, прарэзлівы крык. Крык жудасны і разам з тым нейкі жаласны, нібы хто душыць малое дзіцяня…
Жах ахапіў хлопцаў. Мімаволі яны шчыльней зашыліся між каранёў.
Крык не спыняўся, і нават непадалёк, у кустах, чулася нейкая тузаніна.
Тут ускочыў Віктар і кінуўся ў кусты.
— Мірон! Сюды хутчэй! — зараз жа пачуўся яго крык.
Спачатку Мірон зазлаваў на Віктара, чаму гэта ён кінуўся ў бяду, але ў той жа момант сам апынуўся каля Віктара. Той нешта трымаў, і гэтае нешта білася і вырывалася.
