— Ды і я нічога супраць не меў бы, — усміхнуўся Мірон, — але есці няма чаго.

— А гэта што? — пакруціў Віктар зайца над галавой.

— А якім чынам яго засмажыш?

— Здабудзем агонь, як гэта робяць дзікуны, — і ўся табе музыка.

— А хлеба, солі дзе ўзяць?

— Булкі, чаю, каўбасы! — перадражніў Віктар. — Эх ты! А як жа эскімосы ды папуасы жывуць увесь век без гэтага? А ты і некалькі дзён баішся пражыць.

— Пачакай, яшчэ, можа, давядзецца і супраць нашай волі пажыць тут, — прамовіў Мірон, калі глянуў наперад.

Там мясцовасць паніжалася, пераходзіла ў балота, а за ім далёка зноў блішчала вада.

— Бачыш, і там вада. Значыцца, трэба зварочваць.

Павярнулі направа. Цяпер пайшла ўжо нізіна; пад нагамі чвякала і пырскала вада. Густы ельнік яшчэ болей перашкаджаў ісці. Яны стараліся скарыстаць кожную магчымасць, каб пасунуцца ў свой бок, налева, але кожны раз павінны былі адступацца назад.

Знайшлі былі больш-менш сухую невысокую граду, якая цягнулася на поўдзень, але хутка выявілася, што гэта быў толькі клін, які ўпіраўся ў возера ці балота, — хто яго цяпер разбярэ! Прыйшлося вяртацца назад.

Гэтак ішлі яны гадзіны са тры. Настрой у абодвух даўно ўжо сапсаваўся. Не толькі ў Віктара ў чаравіках, але і ў Мірона ў ботах хлюпала вада. Змарыліся хлопцы страшэнна, а голад пачаў так дапякаць, што і вясна, і ўвесь свет зрабіліся нямілымі.

— Гэтак, чаго добрага, і другую ноч давядзецца начаваць тут! — у роспачы сказаў Віктар.

— Ты ж толькі што казаў, што хацеў бы пажыць тут некалькі дзён, — упікнуў Мірон.

— Ану цябе! — махнуў рукой Віктар.

Потым ён схіліўся і пачаў скубці ды есці нейкую траву. Прыгледзеўся Мірон і ўбачыў светленькія далікатныя круглыя лісточкі так званай «заечай капусты».



17 из 133