Нарэшце дзённыя і начныя турботы змарылі хлопцаў, і яны заснулі так моцна, што, мусіць, цяпер іх не разбудзіў бы ні гром, ні мароз. А калі яшчэ паднялося сонца ды прыгрэла іх, то яны праспалі аж да поўдня. Прачнуліся, селі, азіраюцца.

— Учора гэтай парой як пад'еў… — пачаў быў Віктар.

— Давай пашукаем нашы запалкі, — перапыніў яго Мірон. — Тады і пад'ясі.

Расплюснуты карабок з дзвюма запалкамі знайшлі хутка. З хваляваннем чыркнулі — запалка засіпела і больш нічога. А другая нават і не засіпела…

— Ну і ліха з імі! — раззлаваўся Віктар і ўскінуў на спіну зайца. — Хадзем лепш дахаты.

— А што рабіць з гэтай дурной савой?

— Вядома, браць. Гэта ж добры ўлоў. Зробім чучала і паставім у нашым прыродазнаўчым музеі з надпісам: «Злоўлены ў Палескай пушчы героямі-падарожнікамі і даследчыкамі Міронам Бажком і Віктарам Калягам уласнымі рукамі, без ніякай зброі». Нават і зайца я згодзен ахвяраваць для навукі і славы.

І яны пайшлі ўздоўж возера ў той бок, дзе павінен быў знаходзіцца іх дом.

III

«Па-а марам!» — Усё направа ды направа. — Зайцаў абед. — Зноў на тым самым месцы.


Шпарка ішлі яны наперад па сухім бары. Злева час ад часу выблісквала возера. Бярозы, алешыны, вербалоз з маленькімі светла-жоўценькімі лісточкамі атачалі яго, нібы мярэжкі. Елкі і сосны на гэтым фоне здаваліся зусім чорнымі. Вясёлае веснавое сонейка шнырала паміж дрэў і цешыла і расліну, і птушку, і ваду, і нашых хлопцаў.

Прырода, вясна і маладосць напоўнілі іх жыццярадаснасцю. Нават на голад забыліся.

— Па-а марам, марам, марам, мара-ам! — зацягнуў Віктар.

— Сёння тут, а заўтра там! — падхапіў Мірон.

А ў адказ ім загуло ў лесе: «А-а-ам!»

— Ведаеш што? — звярнуўся Віктар да Мірона. — Я ўжо шкадую, што мы накіраваліся дадому. Я ахвотна згадзіўся б пажыць тут некалькі дзён. Тут табе і мора, і першабытны лес, і звяроў можна рукамі лавіць.



16 из 133