А навакол разляглося неабсяжнае каламутнае мора. Далёка ззаду ледзь віднеўся бераг, ад якога яны ехалі, а наперадзе, яшчэ далей, паўставаў той лес, на які хацеў паглядзець Мірон. Да лесу гэтага было яшчэ далёка, але затое ехаць туды было цікавей. Улетку тут канчалася возера і пачыналася непраходнае балота, якое цяпер было заліта вадой. Гэтай вадзе не відаць было канца-краю, апрача той палоскі лесу на даляглядзе. І на ўсёй гэтай прасторы то там, то там вытыркаліся з вады верхавіны дрэў і кустоў — то паасобку, то групамі.

Надвор'е было ціхае, цёплае. Веснавое сонца грэла ўжо як след. Дрэвы зелянеліся. То была ўжо другая паводка на Палессі ў гэтым годзе. Першы раз адбылася яна з месяц назад, з крыгамі, замаразкамі. Пасля таго тыдні са два трымалася сапраўдная, цёплая вясна. Вада амаль сышла, але потым зноў пачаліся дажджы і снег. Ужо тыдзень, як скончылася і гэтая непагадзь. У іншых месцах прыступілі ўжо да ворыва, сяўбы, а ў гэтай нізіне ўсё яшчэ збіралася вада з далёкіх аколіц, асабліва з поўначы.

У такі час і трапілі сюды гэтыя два хлопцы. Яны былі аднагодкі і мелі абодва разам гадоў трыццаць пяць. Але выгляд, а таксама і характары іх былі зусім адметныя. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Віктар, наадварот, — прысадзісты, карчасты, чарнявы, з круглым пляскатым тварам.

Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Яны заўжды спрачаліся паміж сабою, але былі найлепшымі сябрамі і жыць не маглі адзін без аднаго.

Абодва вучыліся ў тэхнікуме ў адным з акруговых гарадоў Беларусі і былі самымі стараннымі ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка. Можа, таму яны так і цікавіліся краязнаўствам, што нарадзіліся ў горадзе і ўвесь свой век пражылі ў ім.

З маленства яны былі суседзямі і таварышамі, таксама як і іхнія бацькі. Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара — на шкляной гуце.

Прыроду, лес, вёску хлопцы ведалі толькі з тых экскурсій, якія рабілі, калі вучыліся ў сямігодцы. Далей як за дзесяць кіламетраў ад горада ім ніколі не даводзілася быць.



2 из 133