Вучыліся абодва добра, чыталі шмат кніжак, асабліва прыгодніцкіх — Жуля Верна, Майн Рыда, Купера і г.д. Цікавілі іх розныя далёкія краіны, дзікуны, індзейцы, якіх цяпер бадай ужо зусім няма. Захапляліся рознымі прыгодамі з іх жыцця, што адбываліся гадоў 60-80 назад. Марылі пра пальмы, джунглі, а не бачылі добрай пушчы, якая была за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад іх. Уяўлялі сабе розныя паляванні на тыграў, сланоў, ільвоў, а вавёркі на волі не бачылі. Марылі пра мора, караблі, а не бачылі вялікага возера, якое ляжала за кіламетраў дваццаць ад іх.

У краязнаўчым гуртку яны даведаліся, што ў Беларусі наогул, а ў іх раёне асабліва, ёсць шмат куткоў, не горшых ад заморскіх. Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры.

Паступова выявілася, што Мірон цікавіўся больш батанікай, а Віктар — заалогіяй. Чытаючы кнігі, кожны з іх галоўную ўвагу звяртаў на сваю галіну навукі. У жывым кутку Віктар важдаўся з трусамі, мышамі, жабамі, а Мірон — з рознымі раслінамі. Паступова кожны з іх досыць сур'ёзна азнаёміўся са сваім любімым прадметам.

Калі прыйшла вясна і дзесяцідзённыя канікулы, хлопцам вельмі захацелася зрабіць вылазку за горад, куды-небудзь падалей, на некалькі дзён, пабачыць славутае палескае разводдзе. Такая вылазка ім здавалася цікавейшай, чым арганізаваная экскурсія ўлетку.

— Там усё ідзе па раскладзе, як заняткі ў класе, — казалі яны. — Загадзя ведаеш, дзе калі будзеш і што цябе там чакае. Не можаш пайсці, куды захочаш, спыніцца, дзе сам хочаш, рабіць, што табе падабаецца. Такія падарожнікі ў дарозе адчуваюць сябе як дома, не ведаюць незвычайных прыгодаў і небяспек. Якое ж гэта падарожжа?!

Калі яны сказалі аб сваім плане некаторым з таварышаў, дык тыя паднялі іх на смех:



3 из 133