— Бач, як яно тут — па некалькі азёраў ідзе, — заўважыў Віктар.

— Гэта яшчэ невядома. А можа, гэта толькі балота? Хто яго цяпер разбярэ? — сказаў Мірон.

Нейкі белаваты струмень, нібы рака, перасек ім дарогу і пачаў адносіць човен убок. Мірон упарта стаў з ім змагацца.

— Сцеражыся! — раптам крыкнуў Віктар.

На іх нёсся вялізны, рагаты корч. Сутычка была немінучая: праскочыць з такім нязграбным чоўнам было ўжо нельга.

— Кладзіся! — крыкнуў Мірон і сам прыціснуўся да дна.

Потым працягнуў наперад вясло, упёрся ў корч і паступова пачаў паслабляць руку, каб зменшыць штуршок. Корч не стукнуўся аб човен, але затое яны сашчапіліся і далей паплылі ўжо абодва разам.

— Вось прынесла яго ліха на нашу галаву! — злаваў Віктар. — Як жа цяпер ад яго адчапіцца?

— Пачакай, не гарачыся толькі, адчэпімся, — спакойна сказаў Мірон і паступова, павольна вызваліў човен.

Мінулі азярцо, зноў пайшлі кусты. Часам яны здаваліся астравамі, а калі човен пад'язджаў бліжэй, то мог праехаць праз іх проста па вадзе. Трапляліся і больш вялікія дрэвы: бярэзінкі, алешыны, нават елкі.

Наперадзе, ужо недалёка, вызначаўся густы, сіні бор.

— А ён, здаецца, стаіць высока, на сухім месцы, — сказаў Віктар і ціхенька ўстаў, каб паглядзець. — Хочацца ногі выпрастаць, здранцвелі зусім.

— Ды пачакай ты, не ўставай, зараз прыедзем, — сказаў Мірон, але і сам не ўтрымаўся, прыпыніўся і пачаў прыглядацца.

— Здаецца, там нібы пясчаны ўзгорак відаць, — прамовіў ён, гледзячы з-пад рукі.

А човен тым часам наехаў на вір. Не паспелі хлопцы звярнуць на яго ўвагу, як ён панёс іх убок і стукнуў аб альховае дрэва. Штуршок быў невялікі, і нічога б не здарылася, каб абодва хлопцы сядзелі на дне. А цяпер — Віктар адразу паляцеў у ваду, пад алешыну.

— У-ух! — крыкнуў ён не то ад жаху, не то ад неспадзеўкі, не то ад холаду. Мусіць, ад усяго разам.



5 из 133