
— Ну і выдумалі! Якая карысць ад такога падарожжа, які сэнс?
— Нічога вы не разумееце! — пакрыўдзіліся сябры і больш ужо ні з кім не распачыналі гаворкі на гэтую тэму.
Але цвёрда пастанавілі выканаць свой намер чаго б гэта ні каштавала, каб даказаць усім, што незвычайнае падарожжа цікавей, чым звычайнае.
І вось нашы падарожнікі апынуліся ў чоўне сярод бязмежнага мора. І пакуль што былі задаволены.
— Давай вычарпаем ваду шапкамі, — прапанаваў Мірон.
— Ды нічога іншага не застаецца, — згадзіўся Віктар. — Толькі баюся, што ты пачнеш варочацца, як мядзведзь, і перакуліш лодку.
— А я баюся, каб яна не перакулілася ад руху твайго языка, — спакойна сказаў Мірон і, зняўшы шапку, пачаў вычэрпваць ваду.
Зараз жа далучыўся Віктар, і вада хутка была вычарпана. Можна было ехаць далей.
— А да таго лесу, мусіць, далёка, — прамовіў Мірон.
— А што, можа, спалохаўся? Можа, назад хочаш ехаць? — упікнуў Віктар.
— Каб толькі ты не спалохаўся, — насмешліва адказаў Мірон.
— Ну, гэтага, брат, не дачакаешся! — свіснуў Віктар. — Першы раз па моры еду.
— Толькі карабель наш псуе падарожжа, — уздыхнуў Мірон.
— А ты сядзі спакойна, і ўсё будзе добра, — сказаў Віктар і ўзяўся за вясло.
— Ды навошта ты зноў становішся? — крыкнуў Мірон. — Дай лепш буду я, а ты адпачні.
— Паглядзім, — усміхнуўся Віктар і аддаў вясло.
Мірон асцярожна, але цвёрда прыладзіўся на каленях і пачаў веславаць.
— Ну, і якая ж розніца? — засмяяўся Віктар, — Ты на каленях стаіш нават вышэй, як я на нагах.
— Розніца ёсць, — сур'ёзна адказаў Мірон. — Цэнтр цяжару ніжэй, калі памятаеш фізіку.
— Наўрад ці сам ты ведаеш, дзе ў цябе цэнтр цяжару, — нездаволена буркнуў Віктар.
Асцярожна, мерна і моцна гроб Мірон, і човен пасоўваўся досыць шпарка. Вось наблізіліся першыя кусты, часам сухі чаротнік вытыркаўся з-пад вады: значыцца, скончылася возера і пачаўся бераг. Але праз некаторы час зноў выехалі ў другое, меншае возера.
