Было каля поўдня. Неаглядная водная прастора іскрылася на сонцы. З захаду ледзь дыхаў цёплы ветрык. Вада ціхенька плюхалася каля дрэў. Уверсе са свістам праляцелі дзве качкі. Сонца прыемна сагравала мокрае адзенне хлопцаў. Настрой у іх палепшыўся, асабліва ў Віктара. Ён нават пачаў жартаваць:

— Калі-небудзь, можа, будзем дзякаваць, што так здарылася. Тут табе і мора, і аварыя карабля, і таемны востраў, а там сустрэнуцца дзікуны, бегемоты, кракадзілы, тыгры…

— Невялікае шчасце сустрэць тыгра з голымі рукамі, — сказаў Мірон.

— А ты хочаш, каб табе ўсё гатовае было? Тады лепш было сядзець дома.

— Я і згадзіўся б цяпер лепш сядзець дома. Можа, каб апісаць усё гэта ў кніжцы, дык які-небудзь дурны хлопец і захацеў бы быць на нашым месцы. А я наперадзе не чакаю нічога добрага.

— Эх ты! — з пагардай сказаў Віктар. — Што будзе з цябе далей, калі ты ўжо цяпер раскіс?

Мірон усміхнуўся.

— Прадбачыць — гэта не значыць раскіснуць. Паглядзім яшчэ, хто будзе больш трывалы. Але час ужо ў дарогу. Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду!

— Пачакай, можа, варта яшчэ пашукаць нашага чоўна? Можа, ён зачапіўся дзе? — сказаў Віктар. — Маё дрэва вышэйшае, я з яго пагляджу.

— Дзе там! — безнадзейна махнуў рукой Мірон. — Гэтая гладкая калода нават не мае чым зачапіцца. Ды і вір круціць тут ва ўсе бакі.

— Так яно і ёсць! — сказаў Віктар, калі зірнуў зверху. — Вунь ён ужо выходзіць у возера. Нічога не зробіш, прыйдзецца плысці.

І хлопцы пусціліся ў далейшую дарогу.

Вельмі хутка яны пераканаліся, што плысці ў адзенні — гэта вялікая пакута. Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала, і ўніз цягнула.



7 из 133