
Метраў за трыста ад берага хлопцы адчулі пад нагамі зямлю. Калі сталі, то вада даходзіла ім да грудзей. Радасць была надзвычайная. Але зноў бяда: дно аказалася такое дрыгвяное, што ісці па ім не было ніякай магчымасці.
— Ведаеш што? — сказаў тады Віктар. — Давай скарыстаем закон Архімеда.
— Якім чынам? — здзівіўся Мірон ад нечаканасці.
— Калі мы апусцімся ў ваду па шыю, то зробімся лягчэйшымі на столькі, колькі важыць выціснутая намі вада.
— Так.
— Значыцца, мы не будзем загразаць у балоце і пойдзем сабе ўпрысядку, як па шасэ. Вось паспрабуй.
Апусціліся ў ваду — сапраўды ногі не загразаюць. Але як толькі пасунуліся наперад, — пачалі загразаць нават горш, чым раней.
— Вось табе і Архімед! — з прыкрасцю сказаў Віктар.
— Не Архімед вінаваты, а мы самі, — разважліва прамовіў Мірон. — Мы не ўлічылі, што, рухаючыся, павінны пераадольваць супраціўленне вады, а для гэтага вымушаны моцна ўпірацца ў дно.
Такім чынам, хлопцам прыйшлося плысці нават па неглыбокім месцы. Толькі што можна было часцей адпачываць, стоячы на купінках, ды грэцца на сонцы.
Нарэшце яны наблізіліся да берага на такую адлегласць, што рукі пачалі даставаць зямлю. Але стаць усё роўна было немагчыма — зараз жа ногі правальваліся ў багну.
— Што ж цяпер рабіць? — разважаў Віктар, калі прыпыніўся апошні раз на кусце. — Ні плысці, ні ісці нельга.
