
«Адпачываць, адпачываць да самага Алжыра», — загадаў ён сабе і паспрабаваў па сістэме йогаў расслабіцца, адключыцца ад асяроддзя, не слухаць, пра што там яшчэ пытае Радзім, гэты цыбаты хлапчына са смешнымі, быццам несапраўднымі вусікамі. Такія нярэдка заводзяць сабе ў маладым узросце для саліднасці. Рэзь у воку пабольшала. Відаць, ад перамены атмасфернага ціску — самалёт усё яшчэ набіраў вышыню. Юрый Сяргеевіч зірнуў у ілюмінатар — што там робіцца? Воблакі, якія зусім нядаўна шызымі і ружовымі гурбамі навальваліся на дрыготкія крылы самалёта, цяпер рассунуліся, расцягваючыся ў рэдкія пасмы, паступова знікаючы. І вось ужо засталіся далёка ўнізе і нагадвалі невядомую таямнічую горную краіну, над якой, шырока распластаўшы прывідныя крылы, імчаўся цень самалёта. Тады патухла табло з папераджальнымі словамі «Зашпіліць рамяні!». Значыць, авіялайнер набраў вышыню вызначанай яму міжнароднай паветранай трасы — дзесяць тысяч кіламетраў — і выраўняўся. Роўна, без нядаўняй натугі загулі турбіны. Здаецца, пачала сціхаць і рэзь у воку. Гэта добра. Там, куды цяпер нёс авіялайнер сваіх пасажыраў, яго чакалі зусім не турысцкія забавы, а напружаная работа. Канечне, агульны стан здароўя ў яго добры — сэрца, нервы. А вось аперацыя на воку… «Глядзіце, толькі не папсуйце там маё вока», — падпісваючы медыцынскае пасведчанне, сказала жартам Людміла Мікалаеўна, якая зрабіла яму складаную аперацыю — ужывіла штучны крышталік замест сапсаванага некалі ў выніку ранення. Што ж, сапраўды, гэта «яе», Людмілы Мікалаеўны, вока, бо каб не яе майстэрства… Якое гэта шчасце — зноў нармальна бачыць, нават мець магчымасць ехаць працаваць у складаных умовах афрыканскай пустыні. Калі разабрацца, людзі ўжо неаднойчы вось так адорвалі яго, зусім без усякай карысці для сябе. Нават наадварот бывала — дзеля яго яны рызыкавалі вельмі многім. А старому алжырцу Аіт-Хаммушу ён нават абавязаны тым, што застаўся жывы.
У салоне весела гучалі маладыя галасы, смех. На задніх крэслах са смехам успаміналі кур'ёзны выпадак на таможні з нейкім Ляснеўскім, з імі перагукваўся, пакепліваў з таварыша Радзім Савілін, не здагадваючыся, што ў хуткім часе здарыцца з ім самім.