
Юрый Сяргеевіч не стаў бы расказваць яму аднаму пра сваё першае, студэнцкае падарожжа ў Алжыр, але Радзім паспеў ужо нашаптаць спадарожнікам пра свайго незвычайнага, «бывалага» земляка, і вось цэлая група хлопцаў і дзяўчат абсела яго крэсла, усе наперабой сыплюць пытанні. Асабліва пра Алжыр, куды Юрый Сяргеевіч трапіў якраз у першы год пасля таго, як там скончылася вайна супроць французскіх каланізатараў, але яшчэ дзейнічалі падпольныя банды імперыялістычных недабіткаў. Яны называлі сябе аасаўцамі, ці скарочана лацінскімі літарамі OAS, — хацелі, каб Алжыр заставаўся «французскім», быў каланіяльным прыдаткам Францыі, яе капіталістаў. І якога толькі зброду не было ў тых фашысцкіх бандах! Але найбольш былых салдат французскага так званага Замежнага легіёна — легіянераў, з людзей самых розных нацыянальнасцей.
— Юрый Сяргеевіч, — звяртаецца да расказчыка Радзім, — а ваш стары Аіт-Хаммуш падобны на Сіндбада-Марахода!
Юрый Сяргеевіч на хвіліну задумаўся.
— Мне і самому гэтак калісьці здавалася, а цяпер бачу — не. Успомніце, каго ратаваў Сіндбад-Мараход, рызыкуючы сабой? Пра сябе ў першую чаргу думаў. Вось быў у мяне яшчэ адзін знаёмы, дык на Сіндбада-Марахода…
— А памятаеце, як Сіндбад-Мараход пашкадаваў старога і пасадзіў сабе на карак, каб дапамагчы перабрацца цераз рэчку, а той…
