Толькі адны яны шоргалі ватнымі нагамі па мармуры транзітнай залы. Не спяшаючыся, сонна паморгваючы на турыстаў, займалі свае канторкі алжырскія пагранічнікі і таможнікі. Яны працавалі спакойна, Юрый Сяргеевіч перакінуўся з гэтымі дружалюбнымі хлопцамі некалькімі прывітальнымі фразамі па-французску, з дзіўным для сябе хваляваннем услухоўваючыся ў словы адказаў. Ён зноўку пазнаваў у вымаўленні калісьці прывычны для яго алжырскі акцэнт. Але тут узняў гвалт Савілін, землячок.

Каля яго чамусьці было ажно тры таможнікі, твары ва ўсіх напружаныя, нават варожыя. Перакладчыца нешта хутка гаворыць і, відаць, не зусім дасканала, бо яе перапытвае старшы таможнік, настаўляючы прыгожыя вочы, з якіх яшчэ не сышла санлівасць.

Юрый Сяргеевіч таропка падышоў. Спытаў па-французску: якія праблемы? Таможнікі павярнулі да яго галовы, ажывіліся. Урэшце ўсё вырашылася лёгка і проста. Савіліна паляпалі па плячы і, крыху ачмурэлага ад нядаўніх хваляванняў, прапусцілі да астатніх турыстаў, якія пазіралі на яго як на дзіва.

— Ну, дзякуй, Юрый Сяргеевіч, — гаварыў Савілін залішне гучна, бы глухому, на хаду пхаючы ў сумку няхітры скарб, які толькі што паказваў таможнікам. — А то прычапіліся… Кепска, калі ў чужой краіне і не ведаеш мовы. Чорт ведае што можа адбыцца!

— Не мог завучыць хоць бы тры фразы па-французску? Я ўжо не кажу пра арабскую мову.

— Ды ў тым жа і справа, што вучыў! — тонам закаранелага двоечніка адказаў Савілін. — Вось паслухайце, як я ім па-фрацузску… — І ён прамовіў некалькі фраз на невядомай мове: — Я з Савецкага Саюза. Мая нацыянальнасць — беларус. Вось мой пашпарт. Каштоўнасцей, валюты, зброі не вязу… Ну як?

— Ты гэтак і таможніку казаў? — Юрый Сяргеевіч нават прыпыніўся.

— Ну! Я ж кажу, што тое-сёе завучыў. Юрый Сяргеевіч засмяяўся і махнуў рукой.

— Яны абавязкова павінны былі цябе спыніць.

— Чорт ведае чаму, але да мяне заўсёды чапляецца і міліцыя. — Савілін з вялікай цікаўнасцю паглядаў ва ўсе бакі і нават прынюхваўся. — Ледзь што якое, нехта некага таўхануў, а ўжо чую: грамадзянін, вашы дакументы. Але ж дома пагаварылі і разабраліся. А тут таможнікі раптам… Разумееце, першы раз выправіўся за мяжу — і такое. У Будапешце ж таксама… Не заўважылі?



7 из 202