
Узнікла спрэчка. Нават не заўважылі, калі авіялайнер перамахнуў Апенінскі паўвостраў. Юрый Сяргеевіч адчуваў сябе стомленым, некалькі разоў прыкрываў далонню вочы, даючы зразумець, што хацеў бы хоць крыху падрамаць. Але дзіва што адпачнеш! Пытанні не пераставалі сыпацца.
— Астатняе, родненькія, дагаворым на пляжы ў Алжыры, — сказаў ён, радуючыся, што працягу, канечне, не будзе. У турыстаў свой маршрут, у яго свой. Ён і так быў вельмі незадаволены сабою, што расказаў, паддаўшыся настрою, больш, чым гэта звычайна рабіў.
«Антс Кійк паможа, калі што раптам з вокам, — думае ён. — Тэлефон, адрас ёсць. Сорамна, даўнавата яму не пісаў… Усё неяк адкладвалася — то камандзіроўка, то яшчэ што… Хлопцы слухалі пра Кійка з захапленнем… А калі ён за гэты час вярнуўся дадому, у сваю Эстонію? Збіраўся ж яшчэ тады… Эх, як бяжыць час!..»
Хлоп! Хлоп! Самалёт уздрыгвае, раптам загараецца табло «Зашпіліць рамяні!». Няўжо падлятаем? Вушы закладвае, усе прыціхлі… Хлоп, хлоп! Ва ўсплёсках рубінавых бартавых агнёў бачна, як у цёмную бездань вялікімі боханамі павольна вывальваюцца шасі… Значыць, сапраўды хутка Алжыр…
Хутка Юрый Сяргеевіч пазнаў ужо ўспышкі марскога маяка на мысе Шэршэл, узрадаваўся яму, як старому добраму знаёмаму. «Глядзі!» — не ўтрымаўся, паказаў Савіліну. Потым зазіхацеў агнямі магутны каскад горада. Вось ён, Аль-Джазаір, па прыгажосці з ім можа супернічаць толькі адзін горад кантынента — Каір. Авіялайнер імчаўся ля самай зямлі. І нарэшце першы дотык шасі да бетону ўзлётнай паласы, лёгкі ўдар… Мільгацяць ярка-рубінавыя арыенцірныя агеньчыкі, страшэнна выюць рухавікі, набліжаецца ў пражэктарнай падсветцы белы гмах аэрапорта Дар-аль-Бейда, у гэты час зусім пустэльнага — авіялайнер дагнаў ноч.
І адразу ж, як толькі ступілі на трап, на пасажыраў дыхнула быццам з напаленай духоўкі. Пачуліся здзіўленыя галасы: «Тры гадзіны ночы ды гэткае пекла? А што ж тут будзе ўдзень?»
