
— Сама не ведаю.
У яе словах прагучала шчырае здзiўленне.
— Я здаюся табе iдыёткай, праўда? — працягвала яна. — Неяк раптоўна мне… але i ты добры… сядзiш насуплены, як… як Пельвiс…
— Як хто? — перапытаў я. Мне падалося, што я дрэнна пачуў.
— Як Пельвiс, ты ж ведаеш, той таўстун…
Несумненна, Хэры не магла нi ведаць, нi чуць пра яго ад мяне: ён вярнуўся са сваёй экспедыцыi сама малае гады праз тры пасля яе смерцi. Я таксама не ведаў яго раней i нават уяўлення не меў, што ён, калi старшынюе на сходах Iнстытута, неверагодна зацягвае гэтыя пасяджэннi. Яго прозвiшча Пеле Вiлiс, што скарочана ўтварае мянушку, якую да яго вяртання таксама нiхто не ведаў.
Хэры абаперлася локцямi на мае каленi i пазiрала мне ў твар. Я правёў далонямi па яе руках, плячах, шыi, адчуў пульсуючыя жылкi. Гэта можна было лiчыць ласкай. Мяркуючы па яе позiрку, яна менавiта так гэта ўспрыняла. А я проста хацеў пераканацца, што дакранаюся да звычайнага цёплага чалавечага цела, што пад яе скурай ёсць мускулы, косцi, суставы. Пазiраючы ў яе спакойныя вочы, я адчуў неадольнае жаданне з усяе сiлы схапiць яе за горла.
Мае пальцы амаль сцiснулiся, але тут я згадаў акрываўленыя рукi Снаўта i адпусцiў Хэры.
— Як ты дзiўна пазiраеш… — прамовiла яна спакойна.
Маё сэрца калацiлася так, што я не мог гаварыць. На iмгненне я заплюшчыў вочы.
Нечакана ў мяне ўзнiк план. Адразу ўвесь, з усiмi дэталямi. Не губляючы нi секунды, я ўстаў з крэсла.
— Я мушу iсцi, Хэры, але калi ты вельмi хочаш, то можаш пайсцi са мной.
— Добра.
Яна ўсхапiлася на ногi.
— Чаму ты босая? — спытаўся я, падыходзячы да шафы i выбiраючы сярод рознакаляровых камбiнезонаў два — сабе i ёй.
— Не ведаю… вiдаць, некуды закiнула туфлi… — сказала яна няпэўна.
Я не звярнуў на гэта ўвагi.
— Здымi сукенку, iнакш ты не апранеш камбiнезон.
