
— Камбiнезон?.. Навошта? — спыталася яна, адразу сцягваючы сукенку.
Але тут высветлiлася дзiўная рэч — сукенку нельга было зняць- яна аказалася без усялякай зашпiлькi. Чырвоныя гузiкi пасярод былi толькi аздобай. Нiякiх зашпiлек няма. Хэры разгублена ўсмiхалася. Робячы выгляд, што гэта сама звыклая справа, я падняў з падлогi iнструмент, падобны на скальпель, надрэзаў iм сукенку, там, дзе на спiне пачыналася дэкальтэ. Цяпер яна магла зняць сукенку праз галаву. Камбiнезон быў ёй трохi велiкаваты.
— Мы паляцiм?.. Разам? — дапытвалася яна, калi мы, апрануўшыся, выходзiлi з пакоя.
Я кiўнуў галавой. Я надта баяўся, што мы сустрэнем Снаўта, але калiдор, якi вёў да ўзлётнай пляцоўкi, быў пусты, а дзверы радыёстанцыi, мiма якiх мы прайшлi, зачынены.
На Станцыi панавала мёртвая цiшыня. Хэры сачыла, як на невялiкай электрычнай калясцы я вывозiў з сярэдняга бокса на свабодную паласу ракету. Я метадычна праверыў стан мiкрарэактара, тэлекiраванне рухавiка, затым разам са стартавай каляскай перакацiў ракету на круглую ролiкавую плоскасць стартавага стала пад цэнтрам лейкападобнага купала, прыняўшы адтуль пустую капсулу.
Гэта была невялiкая ракета для сувязi Станцыi з Сатэлоiдам; яна прызначалася для перавозак грузу, людзi ў ёй ляталi ў выключных выпадках ракета не адчынялася знутры. Мне патрабавалася менавiта такая ракета. Вядома, я не збiраўся запускаць яе, але рабiў усё, як перад сапраўдным стартам. Хэры неаднойчы суправаджала мяне пад час палётаў i крыху разбiралася ў падрыхтоўцы да старту. Я праверыў стан кандыцыянераў i кiслароднай апаратуры, запусцiў iх, а калi запалiлiся кантрольныя лямпачкi, вылез з цеснага бокса i звярнуўся да Хэры, якая стаяла ля трапа:
— Заходзь.
— А ты?
— Зайду пасля цябе. Мне трэба зачынiць люк.
Я не баяўся, што яна адгадае мой намер. Калi яна па трапе паднялася ў ракету, я адразу ж усунуў галаву ў люк i спытаўся, цi добра ёй там; пачуў глухое «ага», адступiўся i з усяе сiлы зачынiў века. Я дарэшты зацiснуў абедзве засаўкi i загадзя падрыхтаваным ключом пачаў закручваць пяць шрубаў, якiя замацоўвалi ў пазах века люка.
