
— Вось… i ўсё, — бязглузда паўтарыў я драўляным голасам. У мяне шумела ў галаве. — А Станцыя? Пры чым тут Станцыя?
— Ты што, прытвараешся? — прамовiў Снаўт i ўперыў на мяне свой позiрк. — Я ж увесь час кажу пра Салярыс, толькi пра Салярыс i нi пра што iншае. Я не вiнаваты, што ўсё так рэзка адрознiваецца ад тваiх спадзяванняў. Зрэшты, ты дастаткова перажыў, каб хоць выслухаць мяне да канца. Мы выпраўляемся ў космас, гатовыя да ўсяго, гэта значыць да адзiноты, да барацьбы, да пакут i смерцi. З-за сцiпласцi мы не гаворым пра гэта ўслых, але часам думаем пра сваю вялiкасць. А на самай справе, на самай справе гэтага мала, i наша падрыхтаванасць — толькi поза. Мы зусiм не хочам заваёўваць космас, мы хочам проста пашырыць да яго абсягаў Зямлю. На адных планетах павiнны быць пустынi накшталт Сахары, на другiх — iльды, як на полюсе, альбо джунглi, як у бразiльскiх тропiках. Мы гуманныя i высакародныя, не хочам заваёўваць iншыя расы, мы толькi iмкнёмся перадаць iм нашы дасягненнi i ўзамен атрымаць iх спадчыну. Мы лiчым сябе рыцарамi Святога Кантакту. Гэта другая хлусня. Мы не шукаем нiкога, акрамя чалавека. Нам не патрэбны iншы сусвет. Нам патрэбна наша адлюстраванне. Мы не ведаем, што рабiць з iншым сусветам. Нам хапае i аднаго, мы i так у iм задыхаемся. Мы хочам знайсцi свой уласны, iдэалiзаваны вобраз: планеты з цывiлiзацыямi, якiя больш дасканалыя, чым наша, альбо сусветы нашага прымiтыўнага мiнулага. Мiж iншым, з таго боку ёсць нешта, што мы не прымаем, ад чаго абараняемся, а тым часам з Зямлi прывезлi не толькi крыштальную дабрачыннасць, не толькi iдэал гераiчнага Чалавека! Мы прыляцелi сюды такiмi, якiя мы на самай справе; а калi iншы бок паказвае нам нашу рэальную iснасць тую частку праўды пра нас, якую мы хаваем, — мы не можам з гэтым змiрыцца!
