— Ах ты, нявiнны хлопча…

Гэтыя словы ўзрушылi мяне. Але зiрнуўшы на Снаўта, я зразумеў, што ён не жартуе. Я ўбачыў яго быццам упершыню. На шэрым твары ў глыбокiх маршчынах застыла пакута, ён быў падобны на цяжкахворага чалавека.

— Чаму ты так гаворыш? — спытаўся я здзiўлена.

— Таму, што гiсторыя гэта трагiчная. Не, не, — хуценька дадаў ён, калi заўважыў, што я хачу яго перапынiць, — ты па-ранейшаму нiчога не разумееш. Вядома, ты можаш пакутаваць, нават лiчыць сябе забытым, але… гэта не сама страшнае.

— Што ты кажаш! — з’едлiва выгукнуў я.

— Цешу сябе тым, што ты не верыш. Тое, што адбылося, можа быць страшным, але страшней за ўсё тое, што… не адбывалася. Нiколi.

— Не разумею… — прамовiў я.

Я i на самай справе нiчога не разумеў. Снаўт пакiваў галавой.

— Нармальны чалавек… — працягваў ён. — Што такое нармальны чалавек? Чалавек, якi не ўтварыў нiчога страшнага? I нават нiколi пра гэта не падумаў? А што, калi ён не падумаў, але ў яго падсвядомасцi дзесяць або трыццаць гадоў таму толькi мiльганула гэта? Мо ён забыўся, не баяўся, бо ведаў, што нiколi не зробiць нiчога дрэннага. Так, а зараз уявi сабе, што раптам, сярод белага дня, у асяродку iншых людзей, ты сустракаеш ГЭТА наяве, прыкутае да цябе, незнiшчальнае, што тады? Што маеш рабiць тады?

Я маўчаў.

— Станцыя, — прамовiў ён цiха. — Маеш тады Станцыю Салярыс.

— Але… што гэта ўрэшце можа быць? — спытаўся я нерашуча. — Вы ж з Сарторыусам не злачынцы…

— Ты ж псiхолаг, Кельвiн! — нецярплiва перапынiў ён мяне. — Каму хоць раз у жыццi не снiўся такi сон, не з’яўляўся такi прывiд? Возьмем… фетышыста, якi закахаўся, скажам, у шматок бруднай бялiзны. Рызыкуючы жыццём, метадам пагроз i просьбаў ён здабывае свой бясцэнны вычварны шматок. Забаўна, праўда? Ён i брыдзiцца прадмета свайго iмкнення, i гатоў з-за яго розум страцiць. I нават жыццё гатовы аддаць дзеля яго, як Рамэо дзеля Джульеты… Такое часам здараецца. Але ты, вiдаць, разумееш, што бываюць i такiя рэчы… такiя сiтуацыi… якiя нiхто не захоча мець наяве, пра якiя можна толькi падумаць, i то пад час ап’янення, падзення, вар’яцтва — называй гэта як хочаш. I слова становiцца целам. Вось i ўсё.



64 из 188