
Здавалася, што паветра было якоесьці густое, як у лазні, толькі пары не было відаць. Розныя пахі адчуваліся ў ім — і кветкавыя, і пладовыя, і разам з тым гнілыя, душныя, шкодныя.
Гэта і ёсць тое першае, галоўнае, што перашкаджае прыезджым людзям жыць у гэтай краіне. Цёплая вільгаць з'яўляецца галоўнай прычынай самай пашыранай у гарачых краінах хваробы — жоўтай ліхаманкі.
Затое раслінам усё гэта вельмі спрыяе. Яны так шпарка растуць, што, здаецца, каб прыслухаўся, то мог бы ўчуць, як яны пруць з зямлі. Кожнае дрэва, куст ці травіна цягнуцца ўгору, да сонца, нібы навыперадкі. Кожная расліна стараецца адапхнуць свайго суседа і захапіць як мага больш месца пад сонцам. Слабейшыя застаюцца ўнізе, заглушаюцца і паступова марнеюць.
Вышэй за ўсіх уздымаюцца пальмы. Іх верхавіны, з лісцем даўжынёю да чатырох метраў, выглядаюць як памёлы.
А там, ніжэй, ідзе ўжо такая гушчыня, што і не разбярэш, што там расце. Праўда, большасць дрэў для нас зусім і невядомыя. Лісце вялізнае ярка-зялёнае, нібы тлустае, а кветкі проста гараць рознымі колерамі. Нават наша папараць расце тут як дрэва, велічынёю з сасну. Бліжэй да вады размясціліся так званыя мангравыя дрэвы, карэнні ад якіх уздымаюцца ўверх вышэй за рост чалавека, так што можна пад імі хадзіць.
Некаторыя расліны з-за недахопу месца і святла прыладзіліся на чужым карку і п'юць сок з другога дрэва. Самымі распаўсюджанымі з іх з'яўляюцца ліяны, якія, нібы вяроўкі таўшчынёю з руку, пераблыталі ўвесь лес. Нават адна парода пальмаў, так званая ратангавая, таксама прыстасавалася жыць на чужы кошт.
Можна было толькі заўважыць, што жывёл мала ў гэтым лесе. І праўда, на Новай Гвінеі звяроў амаль што няма, калі не лічыць некалькіх парод, з якімі мы яшчэ сустрэнемся.
