
Сярод гэтага лесу на поўдзень цячэ рэчка — павольна, ціха. Розныя затокі і адтокі разыходзяцца ва ўсе бакі,— відаць, што рака канчаецца, што блізка павінна быць мора.
Па баках, як сцяна, стаіць высокі бамбук. Дзікія качкі капошацца там. На мангравым корані тырчыць белая чапля. Відаць, ніхто іх тут не чапае. Нікога няма навакол.
Але вось з-за павароту ракі паказаўся човен, просты, выдзеўбаны з бервяна. У ім сядзеў чалавек сярэдняга росту, жоўты, з вузкімі касымі вачыма. Відаць было, што гэта кітаец. Толькі як ён сюды трапіў з другога канца свету?
Аднак жа гэта быў сапраўды кітаец. Адзенне яго складалася толькі з портак і кашулі, але і ад іх засталася толькі назва, бо гэта былі адны анучкі, звязаныя рознымі сцябельчыкамі і карэньчыкамі.
Веславаў і руляваў ён жардзінай, а на дне чоўна ляжала торба і невялічкая піка.
Ехаў ён ціха, асцярожна, увесь час азіраючыся. Ен баяўся выязджаць на сярэдзіну ракі і ўсё трымаўся берага. Худы, змораны твар сведчыў, што падарожны многа перацярпеў.
Адзін, другі заварот — і перад ім адкрылася мора. Толькі нельга было вызначыць, дзе яно пачыналася і дзе канчалася, бо ўсё навакол было заліта вадою, а мангравы лес выдаваўся далёка ў мора.
Мора было неглыбокае. Далёка-далёка відаць было, як пеніліся і разбіваліся хвалі аб падводныя рыфы.
Гэта была Тарэсава пратока, якая аддзяляе Новую Гвінею ад Аўстраліі. У гэтай частцы Вялікага акіяна, на паўночны ўсход ад Аўстраліі, даўно працуюць ужо каралавыя паліпы і хутка, гэта значыць, праз якіх паўмільёна ці мільён гадоў, зусім забудуюць мора.
Да гэтага кітаец лёгка плыў уніз па рацэ, а цяпер ён стаў адчуваць, што вада пачынае цячы насустрач, уверх. Вось ужо і човен пачало адносіць назад, і кітаец павінен быў напружваць усе сілы, каб пасоўвацца ўніз.
Тым часам і зверху вада таксама прыбывала. Вось сустрэліся струмені зверху і знізу і закруцілі човен. Становішча рабілася ўжо небяспечным.
