Дубровiч заўсёды быў сярод «зямлян», бо перакананы, што нi мора, няхай самае прыгожае i багатае, нi Далёкi Космас, наскрозь прастрэлены трасамi зоркалётаў, не заменяць чалавеку Зямлю. Ёсць на дне Балтыкi падводны горад Светавiд, названы ў гонар вярхоўнага бога паморскiх славян. Дык вось жыхары ягоныя кожную нядзелю разам з дзецьмi выходзяць на паверхню i, укленчыўшы, цалуюць траву i ўзбярэжны пясок. I выносяць з-пад вады ўрны з попелам-прахам сваiх памерлых дзядоў.

Як прафесiйны гiсторык Гай Дубровiч з прагнасцю чытаў кнiгi сваiх калег, напiсаныя яшчэ да Вялiкай Эры Плюралiзму. Усе яны — i манархiсты, i рэспублiканцы, i лiбералы верылi, што чалавецтва знаходзiцца толькi на самым пачатку вялiкай, можа, нават бясконцай дарогi, што шчасце — наперадзе, як ранiшняя зорка на ружовым небасхiле. Асаблiва верылi ў гэта камунiсты, без анiякiх сумненняў, самаахвярна, з фанатызмам. Яны не азiралiся назад, усё не было часу, а не павярнуўшы галавы, не ўбачыш, бо ў чалавека няма вачэй на патылiцы. Так i беглi праз дзесяцiгоддзi, не тое што назад, пад ногi не паспявалi глянуць, не маглi ўразумець, па чым бягуць — па кветках? па касцях? Формула iснавання была такая: "Рух — усё, мэта — нiшто". Ды горкае расчараванне чакала ўсiх гэтых бегуноў. Тыцнулiся носам i губамi ў сцяну, крывёй залiлiся.

Вялiкая Эра Плюралiзму ўлiчыла памылкi папярэднiкаў. Нездарма на франтоне Дома Народаў, якi пабудаваны ў цэнтры Планеты на афрыканскiм экватары, велiзарнымi лiтарамi напiсана: "Заўтра пачынаецца ўчора". Людзi быццам ачомалiся ад эйфарычнага сну. I з яркай выразнасцю ўсе раптам убачылi (прычым убачылi менавiта ўсе, а не толькi навукоўцы), што старадаўнiм народам гiсторыя здавалася не прагрэсам, а рэгрэсам. Чатыры вякi ўпамiналiся ў мiфах тых народаў: залаты, срэбны, медны, жалезны. Дык вось залаты век быў не наперадзе, а ззаду. Быццам перавярнулася егiпецкая сiвая пiрамiда i цяжкой падэшвай уторкнулася ў неба.



5 из 242