
Чытаючы старыя манускрыпты, не са здзiўленнем, а з цiхiм шкадаваннем адзначаў Гай Дубровiч усемагутную веру сваiх далёкiх папярэднiкаў у несакрушальную бязмежную сiлу тэхнiкi i навукi. Людзi калiсьцi марылi аб птушыных крылах i змайстравалi самалёт, а потым ракету i зоркалёт. Людзi навучылiся глядзець праз метал i камень, пасялiлiся на акiянскiм дне, перамаглi рак, пачалi ажыўляць мёртвых (праўда, толькi дзяцей), нарабiлi камп'ютэраў, акружылi сябе полчышчамi паслухмяных звышпрацавiтых робатаў, накiравалi космадэсантнiкаў на Марс i Венеру. Але ўсяго гэтага iм было мала. Людзям здавалася, што яшчэ адзiн крок, адно кароткае, як узмах веек, iмгненне — i рухнуць сцены апошнiх, такiх зманлiвых таямнiц, рассыплюцца на каменьчыкi гранiтныя горныя хрыбты, знiкнуць iнерцыя, вага, можна будзе лёгка i крылата пайсцi па вадзе, па самым лютым агнi; можна растапырыць пальцы рукi, з усяго маху ўдарыць iмi ў камень — i пальцы не зломяцца, а ўвойдуць у яго, нiбы ў масла. I вернiкi, i закаранелыя атэiсты адчулi сябе (спачатку толькi ўва сне i ў наркатычных мроях) калi не багамi, дык двайнiкамi багоў, i ўжо не адзiн прымерваўся, шукаў пункт апоры, каб перавярнуць Зямлю. Але буйны метэарыт, што нечакана для Касмiчнай варты прыляцеў, упаў з хмарыстага неба i разбiў, нiбы курынае яйка, ядзерны рэактар на поўднi Афрыкi, напалохаў усiх, дакладней кажучы, амаль усiх. Адразу 26 красавiка кожнага года (незагойны дзень Чарнобыльскага выбуху) было аб'яўлена Днём Вогнiшча i Лучыны. Па ўсёй планеце, у гарадах i вёсках, на вулiцах i ў кватэрах, замест электрычнасцi запалалi лучына i вогнiшчы. Чалавецтва, як бы спатыкнуўшыся, прыпынiлася.
Лозунгу "Назад — у пячоры!", вядома, не было, але Партыя Новых Лудзiтаў каменнымi сякерамi на дробныя кавалачкi разбiла каля Дома Народаў звышдакладны станок-робат. Адбылося некалькi жорсткiх сутычак з робатамi, прычым з абодвух бакоў выкарыстоўвалiся агнямёты. Затым у Германii ўспыхнула Першае паўстанне робатаў.
