Джанатан iшоў паперадзе, я - за iм на сваiх роўных нагах. Я iшоў i дзiвiўся, адчуваў, як гэта здорава iсцi на здаровых нагах. Калi мы паднялiся на строму, я павярнуў галаву i нарэшце ўбачыў Вiшнёвую Далiну. О, яна была ўся белая ад вiшнёвай квеценi, дакладней, белая i зялёная, бо цвет вiшнi - белы, а трава - зялёная. I праз усё гэта царства белага i зялёнага, быццам срэбная стужачка, цякла рэчка. Як жа я адразу ўсяго гэтага не заўважыў? Вiдаць, акрамя Джанатана, я не мог нiчога бачыць, але цяпер я стаяў i глядзеў, як усё перада мной прыгожа. Я сказаў Джанатану:

- Пэўна, гэта самая прыгожая на зямлi далiна!

- Твая праўда, - адказаў ён, - але не на зямлi.

I тут я ўспомнiў, што мы ў Наджыяле.

Вакол Вiшнёвай Далiны стаялi горы, яны таксама былi прыгожыя. Па iх схiлах цяклi ручаi i вадаспады: у Наджыяле была вясна.

Было штосьцi незвычайнае ў паветры. Я яго адчуваў такiм, што хацелася яго пiць. "Вось каб i дома было крыху такога паветра", - падумаў я, згадваючы, як я задыхаўся на сваёй канапцы на кухнi. А тут я дыхаў i не мог надыхацца. Джанатан пасмяяўся з мяне: "Пакiнь крышку i для мяне".

Дарожка, па якой мы iшлi, была белая ад пялёсткаў вiшнёвай квеценi, што асыпалася з дрэў, апускалася нам на валасы, i гэта мне вельмi падабалася.

У канцы дарожкi была Сядзiба Рыцараў з зялёнай шыльдачкай на браме.

- "Браты Львiнае Сэрца", - прачытаў я ўслых Джанатану. Я проста яшчэ раз падумаў пра тое, дзе мы будзем жыць.

- Добра, Сухарык. Цi ж тут не цудоўна?

Стары белы i невялiкi дом, з зялёным плотам i зялёнымi дзвярамi, ды i наогул, уся зямля навокал зялёная, у траве то там, то тут можна было ўбачыць маргарыткi. Побач, усыпаныя кветкамi, стаялi бэз i вiшнёвыя дрэвы. А вакол усяго гэтага была мураваная сцяна, невялiкая шэрая сцяна з ружовымi кветкамi на ёй. Вы маглi б лёгка пераскочыць яе, але ў сядзiбе вы адчуваеце, што знаходзiцеся пад аховай гэтай невысокай сцяны. Фактычна там былi два будынкi, дакладней, не зусiм адзiн, хаця другi быў хутчэй за ўсё стайняй цi нечым падобным. Яны стаялi пад вуглом адзiн да аднаго; у тым месцы, дзе будынкi сыходзiлiся, стаяла лаўка, якая, здаецца, прыйшла сюды з каменнага веку. I тым не менш, гэта была добрая лаўка. Так i хацелася прысесцi на яе, пасядзець, падумаць, паглядзець на птушак або папiць соку.



10 из 126