
Але замест гэтага мы паплылi. Я нiколi не плаваў, хоць вельмi хацеў навучыцца. I вось я плыў... Я плыў так, як плаваюць многiя!
- Джанатан! Я ўмею плаваць! - закрычаў я.
- Ну, вядома, ты ўмееш плаваць, - адказаў ён.
Раптам мяне ўразiла адна думка.
- Джанатан, ты нiчога не заўважыў? Я перастаў кашляць.
- Вядома, перастаў... Ты ў Наджыяле...
Я крыху паплаваў, потым вылез на мост, стаў на яго, увесь мокры, вада сцякала з адзення. Штаны прылiплi да ног, i я мог выразна бачыць, што здарылася: ногi ў мяне былi такiя ж роўныя, як у Джанатана.
Потым падумалася, што, магчыма, я стаў такiм жа прыгожым, як мой брат. Я запытаўся ў яго пра гэта.
- Паглядзi ў люстра, - сказаў ён, паказваючы на ваду ў рэчцы.
Вада была чыстая, спакойная i празрыстая. Я лёг на жывот i прыгледзеўся да свайго адлюстравання, але нiчога асаблiвага, а тым больш прыгожага, там не заўважыў. Джанатан падышоў, лёг побач i таксама пачаў глядзець на наша адлюстраванне. Знiзу на нас глядзелi браты Львiнае Сэрца: прыгожы Джанатан са сваiмi залацiстымi валасамi, блакiтнымi вачыма i тонкiм тварам, i я са сваiм носам-шышачкай, калматай, распатланай грывай i ўсiм такiм iншым...
- Не, - сказаў я, паглядзеўшы на сябе крытычна, - я не стаў прыгажэйшы.
Але Джанатан лiчыў, што ўсё-такi ёсць вялiкая рознiца.
- Цяпер ты выглядаеш здаровым.
Пакуль мы ляжалi на мосце i глядзелi ў ваду, я адчуваў сябе сапраўды здаровым, што здаровая кожная клетачка майго цела, дык навошта мне быць прыгожым? Маё цела было такiм шчаслiвым, што ўсё ўва мне смяялася.
Мы яшчэ крыху паляжалi на мосце, сонца сагрэла i абсушыла нас. Джанатан сказаў, што нам пара iсцi. Шчыра кажучы, мне таксама не цярпелася паглядзець дом, дзе мне належала жыць.
