
- Тут, напэўна, вельмi стары час?
- Можна i так разумець, вядома. Гэта сапраўды стары час. Але можна сказаць, што для нас - гэта новы час.
Ён на нейкi момант задумаўся.
- Так, iменна новы. Малады, здаровы, добры час, у якiм нам так лёгка жывецца.
Але яго вочы раптам чамусьцi пацямнелi.
- Прынамсi, тут, у Вiшнёвай Далiне.
- А што, у другiх месцах па-iншаму?
Джанатан адказаў, што ў iншых месцах можа быць па-рознаму. Але якое ўсё-такi шчасце, што мы трапiлi менавiта сюды. Тут, як сказаў Джанатан, жыццё лёгкае i простае. Больш простым i лёгкiм яно не можа быць. Перш-наперш цябе праз акенца будзiць сонейка, ты прачынаешся ў сваёй кухнi i чуеш птушак, якiя шчаслiва шчабечуць у кронах дрэў, i ты бачыш Джанатана: ён спакойна гатуе малако i кроiць хлеб для цябе, а калi сняданне закончана, ты выходзiш, кормiш трусоў i чысцiш свайго каня. Потым сядлаеш яго, выязджаеш, а на траве ззяе i пералiваецца раса, пчолы i чмялi гудуць у вiшнёвай квеценi, твой конь пераходзiць у галоп, i ты не баiшся, што ўсё гэта раптам скончыцца, як можа раптам скончыцца любая забава. Але толькi не ў Наджыяле! Толькi не ў Вiшнёвай Далiне!
Мы скакалi па лузе туды i назад, уздоўж рэчкi. Потым убачылi ранiшнi дымок над вёскай у далiне, а потым i саму вёску з яе старымi дамамi i фермамi. Мы чулi, як кукарэкалi пеўнi, брахалi сабакi, бляялi авечкi i козы: усё гэта было гукамi ранiцы, якая толькi пачыналася.
Насустрач нам iшла жанчына, не старая i не маладая сялянка, з цёмным абветраным тварам - ад работы ў полi ў любое надвор'е. Яна была апранута старамодна, так, як апраналiся ў сагах.
- О, Джанатан, твой брат нарэшце прыйшоў? - сказала яна, па-сяброўску ўсмiхаючыся.
- Ага, ён толькi прыйшоў, - адказаў Джанатан, i можна было адчуць, што ён быў рады гэтай падзеi. - Сухарык, гэта - Сафiя.
