
Сафiя кiўнула галавой.
- Але, Сафiя, - сказала яна. - Рада пазнаёмiцца з табой. Цяпер вы можаце ўзяць кашолку самi.
Джанатан узяў у яе кашолку так, быццам рабiў гэта заўсёды, але я не павiнен быў нi аб чым пытацца.
- Ты возьмеш сёння вечарам брата ў "Залаты Пеўнiк", каб усе маглi з iм пазнаёмiцца? - спытала Сафiя.
Джанатан паабяцаў узяць, потым мы развiталiся i паехалi дадому. Я спытаў у Джанатана, што такое "Залаты Пеўнiк".
- Заезны дом "Залаты Пеўнiк", - адказаў Джанатан. - Гэта там, у вёсцы, дзе мы збiралiся пагаварыць аб тым, аб чым трэба пагаварыць.
Я падумаў, што будзе вельмi цiкава пайсцi з iм вечарам у "Залаты Пеўнiк" i паглядзець, што за людзi жывуць у Вiшнёвай Далiне. Мне хацелася ведаць усё пра Вiшнёвую Далiну ў Наджыяле. Я хацеў пераканацца, цi ўсё там на самай справе так, як пра гэта некалi расказваў Джанатан. Раптам я ўспомнiў яго апавяданнi i спытаў:
- Паслухай, ты казаў, што ў Наджыяле ў нас будуць прыгоды з ранiцы да вечара i нават ноччу, памятаеш? Але тут так спакойна i наогул нiякiх прыгод.
Джанатан засмяяўся.
- Не забывай, дурненькi, ты прыбыў сюды толькi ўчора, у цябе ж ледзь было часу агледзецца. Не турбуйся, будзе дастаткова часу для прыгод.
Настроiўшыся на прыгоды, я сказаў, што тут i так усё, як у прыгодах: i Сядзiба Рыцараў, i нашы конi, i трусы, i ўсё iншае, i што мне iншых прыгод не трэба. Аднак Джанатан паглядзеў неяк дзiўна, быццам шкадуючы мяне, i сказаў:
- Каб ты ведаў, Сухарык, тут усё так, як гэта павiнна быць для цябе. Але тут бываюць прыгоды, якiх лепш, каб не было.
Калi мы вярнулiся дадому, Джанатан распакаваў кашолку на кухонным стале. Там былi бохан хлеба, бутэлька малака, невялiкi слоiк з мёдам i чатыры блiнцы.
- Сафiя прыносiць нам ежу? - спытаў я здзiўлена. Я неяк не задумваўся, адкуль бярэцца ежа.
- Зрэдку, - адказаў Джанатан.
