Тут было весела. Мы шмат спявалi, некаторыя з песень я ўжо ведаў, а некаторыя пачуў упершыню. Усе былi шчаслiвыя. А можа, не?.. Зрэдку ў мяне з'яўлялася адчуванне, што ўсiх гняце нейкая таямнiчая заклапочанасць, такая ж, як i Сафiю. Здавалася, што зрэдку ўсе пачыналi думаць пра тое, чаго яны больш за ўсё баяцца. Але Джанатан казаў, што жыццё ў Наджыяле лёгкае i простае, дык чаго ж iм баяцца? Калi ўсе шчаслiвыя i ўсе, як здавалася, адно аднаго любяць. Але больш за ўсё яны любiлi Джанатана. Акурат так, як i дома, у горадзе. Сафiя яго, па-мойму, таксама любiла.

Потым, калi мы збiралiся дадому i выйшлi ў двор, каб адвязаць нашых коней, я спытаў i Джанатана:

- Джанатан, а чым такiм асаблiвым валодае Сафiя?

I тут жа мы пачулi сярдзiты голас ззаду: "Во-во! Што асаблiвага ў Сафii, часта думаў i я".

У двары было цёмна, таму я не мог бачыць, хто гэта гаварыў. Але раптам ён выступiў наперад на святло, i я пазнаў чалавека, якi сядзеў каля нас за сталом, чалавека з чырвонымi кучаравымi валасамi i з маленькай чырвонай бародкай. Я заўважыў яго раней, калi ён сядзеў сумны i маўчаў, у той час калi ўсе спявалi.

- Хто гэта? - спытаў я ў Джанатана, калi мы ехалi назад.

- Яго завуць Губерт, - сказаў Джанатан. - I ён добра ведае Сафiю.

Станавiлася холадна, непрыкметна апусцiлася ноч. Нiколi ў жыццi я не бачыў так багата зорак, i такiя яны былi яркiя. Я iмкнуўся ўгадаць, дзе была зорка Зямля.

Але Джанатан сказаў:

- Зорка Зямля недзе вельмi далёка, далёка ў Сусвеце, ты не можаш бачыць яе.

Мне стала ад гэтага сумна.

5

Але нарэшце надышоў дзень, калi я даведаўся, што ўсё-такi ёсць асаблiвага ў Сафii.

Неяк ранiцай Джанатан прапанаваў:

- Давай паедзем да Каралевы Галубоў...

- Дык гэта ж цудоўна! - узрадаваўся я. - А якая яна, Каралева?..



19 из 126