Першае, што мы зрабiлi, заехаўшы на двор, - гэта прывязалi коней. Праўдай аказалася ўсё тое, што гаварыў Джанатан аб значэннi коней у Наджыяле. Вiдаць, кожны жыхар Наджыялы прыбыў у гэты вечар да "Залатога Пеўнiка" на канi. Мужчыны i жанчыны, маладыя i старыя - усе былi тут, сядзелi, размаўлялi, некаторыя дзецi ўжо спалi на руках у бацькоў.

Якое ўзрушэнне пачалося, калi мы ўвайшлi!..

- Джанатан! - крычалi яны. - Джанатан прыехаў!

Гаспадар двара - высокi, чырванашчокi, даволi сiмпатычны чалавек, крычаў так, каб перакрычаць усiх у гэтым шуме.

- Джанатан! Не - тут два браты Львiнае Сэрца, божа мой! Абодва!

Ён падышоў i падняў мяне ўгору - так, каб кожны мог мяне бачыць, а я адчуваў, што твар мой да самых валасоў залiвае чырвань.

Але Джанатан сказаў:

- Вось мой любiмы брат, Карл Львiнае Сэрца, якi нарэшце прыбыў да нас. Вы павiнны быць добрымi да яго, такiмi ж, якiя вы добрыя ў адносiнах да мяне.

- Можаш разлiчваць на гэта, - сказаў гаспадар i апусцiў мяне. - Мы з iм пасябруем. Мы станем такiмi ж добрымi сябрамi, як з Джанатанам. Мяне завуць Джосi. Хаця мяне амаль усе называюць Залатым Пеўнем. Вы можаце прыходзiць у "Залаты Пеўнiк", калi вам захочацца. Не забывайце пра гэта, Карл Львiнае Сэрца.

Сафiя была за сваiм столiкам, i мы падселi да яе. Здаецца, яна гэтаму ўзрадавалася. Яна ўсмiхнулася i спытала, як мне спадабаўся мой конь i цi не мог бы Джанатан прыйсцi i як-небудзь дапамагчы ёй. Далей яна маўчала, i я заўважыў, што яе штосьцi турбуе. Заўважыў я i яшчэ сёе-тое. Кожны, хто сядзеў у святлiцы, ставiўся да Сафii з пашанай i, перш чым пайсцi, кiваў у знак развiтання спачатку ёй, нiбыта яна была нейкая асаблiвая, ды толькi я не мог вырашыць, у чым была гэта асаблiвасць. На ёй была простая сукенка, на галаве хустка, яе загрубелыя ад работы на сонцы рукi ляжалi на каленях. Што ж было ў ёй асаблiвага?



18 из 126