- Дзiвосны? - не паверыў я. - Што ж тут дзiвоснага - ляжаць пад зямлёй i быць мёртвым?

- Ну што ты. Гэта ж толькi твая абалонка ляжыць пад зямлёй, а ты сам трапляеш туды, дзе ўсё зусiм iначай.

- Куды? - спытаў я, хаця ледзь яму паверыў.

- У Наджыялу.

"У Наджыялу". - Ён вымавiў гэта слова так, быццам яго паўсюдна вельмi добра ведалi, хаця я чуў яго ўпершыню.

- Наджыяла? - перапытаў я зноў. - А дзе гэта?

Джанатан прызнаўся, што дакладна не ведае, але гэта знаходзiцца недзе па той бок зорак. I ён пачаў расказваць мне пра Наджыялу.

- Там яшчэ час легенд i казак, i я ўпэўнены, што табе там спадабаецца. Бо ўсе нашы казкi прыйшлi з Наджыялы, i як толькi туды трапiш, ты пачнеш прымаць удзел у прыгодах - з ранiцы да вечара, нават i ўночы. Павер, Сухарык, усё-ўсё будзе зусiм iначай, гэта не тое што ляжаць, кашляць i не магчы рухацца.

Джанатан заўсёды называў мяне Сухарыкам. Ён пачаў называць мяне так, калi я быў яшчэ зусiм маленькi. I калi я запытаў у яго, чаму ён так мяне называе, ён сказаў, што вельмi любiць сухарыкi, асаблiва такiя, як я. Так, ён любiў мяне, i гэта было цяжка зразумець, таму што быў я даволi непрыгожы, неразумны, няўклюдны хлопчык.

- Калi б ты не быў такi непрыгожы, бледнатвары, крываногi хлопчык, ты не быў бы Сухарыкам, якога я так люблю, - часта паўтараў мне Джанатан.

Але ў той вечар, калi я напалохаўся, што памру, ён сказаў, што як толькi траплю ў Наджыялу, я адразу стану дужым i прыгожым.

- I буду прыгожы, як ты?

- Ты будзеш яшчэ прыгажэйшы.

Яшчэ прыгажэйшы - гэта дарэмна, бо прыгажэйшых хлопчыкаў за Джанатана няма i быць нiколi не можа. Адна з мамiных знаёмых заўважыла неяк, што яе сын падобны на сумнага прынца. Можаце быць упэўнены, што гаварыла яна не пра мяне. Джанатан сапраўды выглядаў, як казачны рыцар: валасы ў яго адсвечвалi золатам, у яго былi прыгожыя цёмна-блакiтныя зiхоткiя вочы, прыгожыя белыя зубы i зусiм роўныя ногi.



2 из 126