"Мiнулай ноччу вялiзны пажар ахапiў будынак на Факелрозэн Блок. Ён згарэў ушчэнт. Ёсць ахвяры. Дзесяцiгадовы хлопчык Карл Леў, прыкаваны хваробай да ложка, быў дома адзiн, калi разбушаваўся пажар. Неўзабаве пасля гэтага яго брат, трынаццацiгадовы Джанатан Леў, вярнуўся дадому, i перш чым хто-небудзь змог спынiць яго, кiнуўся ў палаючы будынак, каб выратаваць свайго брата. За некалькi секунд уся лесвiца была ахоплена морам полымя, i хлопчыкам нiчога iншага не заставалася рабiць, як выскачыць з акна. Напалоханы натоўп быў сведкам таго, як старэйшы з братоў узяў сабе на спiну малодшага i скочыў унiз. Але скачок быў няўдалы, хлопчык разбiўся i неўзабаве памёр. Малодшы брат, якi сядзеў на спiне старэйшага, не пацярпеў зусiм. Мацi хлопчыкаў была ў гэты час на вiзiце - яна краўчыха - i, вярнуўшыся дадому, знепрытомнела. Як пачаўся пажар, невядома".

На другой старонцы газеты пра Джанатана было крыху больш, пра яго напiсала яго школьная настаўнiца. Вось што там было:

"Дарагi Джанатан, тваiм iмем павiнна было быць Джанатан Львiнае Сэрца. Памятаеш, калi мы чыталi гiсторыю пра смелага караля Рычарда Львiнае Сэрца, ты сказаў: "Я мару пра тое, каб быць такiм жа смелым, як ён. Але я нiколi не змагу стаць такiм". Дарагi Джанатан, нават калi пра цябе не напiшуць у падручнiку гiсторыi, ведай, ты быў такiм смелым у крытычны момант, як i iншыя героi. Твая старая настаўнiца нiколi не забудзе цябе. Твае сябры таксама будуць помнiць цябе вельмi доўга. Наш клас будзе пусты без цябе, дарагi наш Джанатан. Але неба любiць тых, хто памiрае маладым. Спачывай у мiры, Джанатан Львiнае Сэрца.

Грэта Андарсан".

Яна дзiўная, гэта настаўнiца, але любiла Джанатана, як любiлi яго многiя, i добра, што менавiта яна так напiсала пра Львiнае Сэрца. Сапраўды добра.

Бадай, ва ўсiм горадзе не было чалавека, якi не насiў бы жалобы з прычыны смерцi Джанатана i хто не думаў, што няхай бы лепш загiнуў я. Прынамсi, я чуў гэта ад жанчын, якiя прыходзiлi да нас са сваiмi заказамi. Яны глядзелi на мяне, уздыхалi, праходзiлi праз кухню i гаварылi маме: "Бедная мiсiс Леў! Бедны Джанатан! Гэта быў выключны хлопчык!"



5 из 126