Я ляжаў i плакаў у падушку, як раптам пачуў буркатанне зусiм блiзка; падняў вочы i ўбачыў, што на падаконнiку сядзiць голуб i глядзiць на мяне сваiмi добрымi вачыма. Заўважце, беласнежны голуб, а не адзiн з тых шызых, якiя сноўдаюцца па двары. Вы не можаце сабе ўявiць, што я адчуў, калi ўбачыў яго, таму што ўсё было, як у той песнi - "Калi прыляцiць беласнежны голуб". Было такое адчуванне, што я пачуў, як спявае Джанатан: "Мой мiлы Сухарык, я ведаю, дарагi, што твая душа тут".

Я хацеў нешта сказаць, але не мог. Я проста ляжаў i слухаў, як буркоча голуб, але дзесьцi за буркатаннем я пачуў голас Джанатана, якi гучаў не зусiм звыкла. Здавалася, што па ўсёй кухнi праносiцца шэпт. Гэтыя гукi нагадвалi мне расказы аб прывiдах, i хто-небудзь мог бы напалохацца, але толькi не я. Я быў такi шчаслiвы, што гатовы быў падскочыць да столi - гэтак было ўсё тое, што я чуў, цудоўна.

Дык значыць, Наджыяла iснуе! Джанатан прыспешваў мяне туды, таму што там вельмi добра. Падумайце самi, там ёсць дом, якi чакаў яго, калi ён трапiў туды. Яго чакала старая сядзiба пад назвай Сядзiба Рыцараў, знаходзiцца яна ў Вiшнёвай Далiне. Цi ж гэта не цудоўна? Але ўявiце сабе - першае, што ўбачыў Джанатан, была шыльдачка, прымацаваная да брамы: Браты Львiнае Сэрца.

- Гэта азначае, што мы абодва павiнны тут жыць, - сказаў Джанатан.

Цiкава, а мяне цi будуць называць Львiнае Сэрца, калi я траплю ў Наджыялу? Гэта iдэя мне па душы, таму што хочацца, каб мяне называлi гэтак жа, як Джанатана, хоць я не такi смелы.

- Прыходзь хутчэй, як толькi можаш, хутчэй. Калi ты не знойдзеш мяне ў Сядзiбе Рыцараў, я буду на рэчцы лавiць рыбу.

Потым усё сцiхла, i голуб паляцеў - проста над дахамi дамоў у сваю Наджыялу.

I цяпер я ляжу i чакаю, каб паляцець услед. Здаецца, мне не вельмi цяжка будзе знайсцi туды дарогу. Бо Джанатан сказаў, што яму было зусiм няцяжка; але на ўсякi выпадак я запiсаў адрас:



7 из 126