Браты Львiнае Сэрца,

Сядзiба Рыцараў,

Вiшнёвая Далiна,

Наджыяла.

Джанатан жыве там ужо два месяцы. Для мяне ж гэта два жахлiвыя месяцы без яго. Але адчуваю, што i я неўзабаве палячу туды. Мне нават здаецца, што гэта адбудзецца сёння ўначы. Я напiшу запiску i пакладу яе на стол у кухнi, каб мама ранiцой прачытала яе:

"Не плач, мама! Да сустрэчы ў Наджыяле!"

3

Потым здарылася гэта. Больш дзiўнага са мной нiколi яшчэ не здаралася... Раптам я апынуўся ля брамы i чытаю зялёную шыльдачку: Браты Львiнае Сэрца.

Як я трапiў сюды? Калi я прыляцеў? Як я здолеў знайсцi дарогу, нiкога пра яе не пытаючы? Не ведаю. Адзiнае ведаў я, што знаходжуся ля брамы i гляджу на шыльдачку.

Я паклiкаў Джанатана. Я клiкаў яго некалькi разоў, але ён не адгукаўся, потым я ўспомнiў: вядома ж, ён ловiць рыбу.

Я бегма кiнуўся да рэчкi. Я бег i бег, а там унiзе, ля моста, сядзеў Джанатан. Я нават не спрабую апiсаць, што я адчуў у той момант. Ён не бачыў, як я падышоў. Я спрабаваў паклiкаць яго: "Джанатан", але, здаецца, я заплакаў, i замест крыку ў мяне вырывалiся нейкiя хрыплыя гукi. Але ён пачуў i падняў галаву. Ён усклiкнуў, кiнуў вуду, падбег, схапiў у абдымкi i сцiскаў мяне i сцiскаў, быццам хацеў пераканацца, што я сапраўды прыйшоў. Потым я плакаў, праўда, зусiм не многа. Чаму ж я павiнен доўга плакаць з-за таго, што адбылося?..

Затое Джанатан смяяўся, i мы стаялi на строме берага, i сцiскалi адзiн аднаго ў абдымках, i рабiлiся ўсё шчаслiвейшымi ад таго, што зноў былi разам.

- Нарэшце ты прыйшоў, Сухарык Львiнае Сэрца! - сказаў Джанатан.

Сухарык Львiнае Сэрца - гэта гучала смешна, i мы зноў пачалi смяяцца. Мы смяялiся ўсё больш, быццам гэта была самая смешная ў свеце рэч, якую мы калi-небудзь чулi, але хутчэй за ўсё нам проста трэба было пасмяяцца, бо мы былi вельмi шчаслiвыя. Насмяяўшыся, мы пачалi барукацца, але смех у нас так i вырываўся. Качаючыся па траве, мы не заўважылi, як апынулiся ў рэчцы. Мне нават здалося, што з-за смеху мы можам утапiцца.



8 из 126