Той дзень для мiс Люсi быў, вiдаць, самы багаты на падзеi з усяго яе новага жыцця тут, у Мексiцы. Пачуццё свабоды, якое па-ранейшаму бянтэжыла яе ўраўнаважаную душу, абудзiлася разам з ёю ў запоўненым сонцам гатэльным нумары. Яно лунала над ёю ў час снедання, калi жанчыны сядзелi ў дворыку гатэля (яна ўпотай аплочвала ўсе выдаткi). Гэта пачуццё не маглi прыглушыць нi скаргi Веры наконт халоднага горнага паветра, нi снабiсцкiя заўвагi вопытнай турысткi Элен пра тое, што ў Таска ўсё так мiла, але далёка не так маляўнiча, як у горных мястэчках Тасканii.

Мiс Люсi, якая, апрача Фiладэльфii i Бар-Харбар, нiчога не бачыла, ружовыя вышчарбленыя ветрам дахi i такiя ж ружовыя стромкiя цэрквы Таска здавалiся неверагодным здзяйсненнем мары. "Ружова-чырвоны горад з узростам у палову ад вечнасцi..."

Няўрымслiвая радасць ад "замежжа", ад уласнай незалежнасцi дасягнула вяршынi, калi яна ўбачыла пярсцёнак.

Яна ўбачыла яго ў адной невялiчкай крамцы, дзе прадавалiся вырабы з срэбра, непадалёк ад цянiстай гарадской плошчы. Пярсцёнак прыцягнуў да сябе ўвагу мiс Люсi, калi Вера i Элен таргавалiся з уладальнiкам з-за шпiлькi з вiдарысам асляняцi. Як на яе квакерскi густ, выхаваны на адмаўленнi ўсяго кiдкага, пярсцёнак паказаўся амаль што вульгарным. Вялiкi блiскучы сапфiр белага колеру на тонкай палосцы срэбра. Але ў дзёрзкiм бляску было нешта спакушальнае. Мiс Люсi прымерыла пярсцёнак на палец, i той зiхатнуў ёй у вочы водблескам сонца. У вынiку матчын строгi заручальны пярсцёнак, якi быў, вiдаць, разоў у пяцьдзесят даражэйшы, адразу пабляк i зрабiўся непрыкметным. Мiс Люсi ахапiла бязмежная весялосць, але потым яна засаромелася. Паспешлiва зiрнуўшы на апранутыя ў чорныя палiто постацi Веры i Элен, яна паспрабавала зняць пярсцёнак з пальца.

Пярсцёнак не здымаўся. I пакуль яна вось так змагалася з гэтым пярсцёнкам, да яе падышлi Вера i Элен i пачалi разглядаць яго, ускрыкваючы ад захаплення.



2 из 16