
- Божа, Люсi, якi мiленькi!
- Ну чым не заручальны пярсцёнак!
- Не гаварыце глупства, - пачырванела мiс Люсi. - Я занадта старая для яго. Проста прымярала. Здаецца, мне не ўдасца... - Яна зноў пачала сцягваць пярсцёнак. Побач закруцiўся мексiканец - уладальнiк крамы i замурлыкаў камплiменты.
- Давай, Люсi, - падбухторыла Элен. - Купляй!
- Ну, сапраўды, гэта ўжо здаецца недарэчным. Але таму што я, вiдаць, не здолею яго зняць, давядзецца...
Мiс Люсi купiла пярсцёнак з белым сапфiрам i заплацiла суму нашмат большую за яго сапраўдны кошт, але для яе нязначную. Пакуль Элен, якая вяла ўсе фiнансавыя справы ў час падарожжа - бо была наконт гэтага "такая разумная", разбiралася з уладальнiкам крамы, мiс Люсi сказала Веры:
- Калi вернемся ў гатэль, я здыму яго з мылам i вадой.
Але яна так i не зняла пярсцёнка. Нейкiм чынам на iм засяродзiлася адчуванне трывожнага шчасця, якое ўзнiкла зусiм нядаўна.
У Таска энергiя мiс Люсi здавалася невычэрпнай. У той дзень, перад вячэрай, пакуль Вера i Элен заставалiся ў сваiх нумарах, каб даць адпачынак стомленым да ламаты нагам, яна вырашыла вярнуцца ў царкву Санта-Прыска, што ўзвышалася над гарадской плошчай. Першае наведванне царквы было сапсавана пераказам спадарожнiцамi турыстычнага даведнiка. Ёй хацелася пабыць адной у гэтым халодным змрочным будынку, адчуць яго атмасферу вельмi непадобную на простую набожнасць, што панавала ў доме, дзе збiралiся квакеры, там, у Фiладэльфii.
Калi мiс Люсi прайшла праз некалькi драўляных дзвярэй, усярэдзiне шыкоўным бляскам пазалоты яе прывiтаў фантастычнай прыгажосцi алтар, выкананы ў стылi гiшпанскага барока i аздоблены пазалочанымi кветкамi i херувiмамi. Старая сялянка, захутаная ў чорнае, ставiла перад абразом Панны Марыi свечку, якая ўжо пачынала аплываць. У царкву прашмыгнуў дварняк, пакруцiўся i выбег на вулiцу. Велiч храма ў спалучэннi з вось такiмi дэталямi паўсядзённага жыцця дзiўным чынам паўздзейнiчалi на мiс Люсi. Усё гэта сiмвалiзавала тое, што было на яе погляд "папскiм" i чужародным, тым не меней, здаецца, менавiта гэта i вабiла яе. Паддаючыся iмкненню, якое яна ўсвядомiла толькi напалову, мiс Люсi ўкленчыла за прыкладам той самай сялянкi, перажагналася, i ад сапфiра ў пярсцёнку разышлiся водблескi, гэткiя ж экзатычныя, як i сама царква.
