Вiдаць, так ён хацеў даць ёй зразумець, што, нягледзячы на моўныя складанасцi, яны назiраюць вялiкую славутасць Мексiкi i ён рады, што яны назiраюць яе разам. Ад поцiску вялiкi сапфiр балюча ўеўся ў палец, але мiс Люсi адчула недзе ўнутры яшчэ адно пачуццё, iншае чым боль.

Пасля наведвання Папакатэпетля мiс Люсi вырашыла, што час ехаць з Таска i пасялiцца ў Мехiка. Яна даручыла Элен адмовiцца ад паслуг Марыа - заплацiць яму дадатковую сотню песа i ветлiва, але цвёрда даць яму зразумець, што ў яго паслугах няма больш патрэбы. Але Элен магла з такiм жа поспехам зрабiць спробу развеяць у дым гару Папакатэпетль або дамагчыся, каб яна перанеслася ў мора. Марыа проста рассмяяўся ў адказ, адмахнуўся ад прапанаваных грошай i звярнуўся непасрэдна да мiс Люсi.

- У Мехiка шмат дрэнных мексiканцаў. - Марыа працягнуў у яе бок свае моцныя рукi колеру залацiстага мёду. Ён будзе iх апекаваць. Не, для яго не маюць нiякага значэння грошы сеньёры Элен (дзве другiя жанчыны былi для яго заўсёды сеньёрамi, i толькi мiс Люсi была сеньярытай). Важна тое, што ён павiнен iм усё паказаць. Тут Марыа ўскiнуў свае моцныя рукi, нiбыта ахiнаючы сонца, неба, горы, усю Мексiку. А чорныя вочы з занадта густымi вейкамi абдымалi таксама i мiс Люсi.

I тая, дзейнiчаючы насуперак глыбока ўкаранелага iнстынкту, саступiла. Марыа паехаў з iмi ў Мехiка.

Пайшоў другi тыдзень iх знаходжання ў Мехiка, калi яны вырашылi паехаць да пiрамiды Тэатыўакан. Як заўсёды, мiс Люсi села побач з Марыа, спераду. Кiраваў машынай ён выдатна, i мiс Люсi падабаўся яго профiль, калi ён уважлiва сачыў за дарогай, яго мармытанне ў знак задаволенасцi альбо незадаволенасцi чымсьцi. Менш ёй падабалася, калi Марыа паварочваўся да яе, праводзячы, нiбы лашчачы, вачыма яе твар, апускаючы iх да грудзей.



7 из 16