- Я не збiраюся лезцi ўгору па гэтых прыступках, якiя вось-вось рассыплюцца, - капрызна забурчэла Элен. - Я занадта старая, ды i вельмi горача.

I Вера, якой нiколi не было вельмi горача, таксама аказалася задужа старой. Яна стала ля падножжа пiрамiды з накiнутым на плечы палiто, з адвечнай цыгарэтай у падобнай на лапку руцэ.

- А ты, Люсi, давай - ты ў нас маладая i энергiчная.

Люсi пайшла ўверх па прыступках.

З дапамогай Марыа яна дабралася да самага верху пiрамiды Сонца i нават не задыхалася, узышоўшы на вяршыню, - настолькi моцнай была мiстычная ўзнёсласць, што апанавала яе.

Яны сядзелi толькi ўдваiх, блiзка адно ад аднаго, на вяршынi iнтэлiгентная жанчына за пяцьдзесят, якая закончыла Брынморскi каледж, i гэты амаль што непiсьменны юнак з саманавай хацiны ў глыбiнi Герэрас. Яна глядзела на квадратную планiроўку ўнiзе: старажытнае селiшча з храмам Кетцалькоатл Пярнатых Змей, якiя пазiраюць на Шлях нябожчыкаў, што вядзе ад храма да пiрамiды Месяца.

Марыа пачаў апавядаць ёй пра ахвярныя рытуалы ў час свята Токсталь, якiя штогод праводзiлiся ў тыя старажытныя часы.

Ён гаварыў, а мiс Люсi, заплюшчыўшы вочы, уяўляла сабе сцэну: прыцiхлы натоўп, якi сабраўся на вялiкай плошчы ўнiзе, жрацы, кожны на сваiм адпаведным месцы на прыступках пiрамiды, юнак у бялюткiм адзеннi - зразумела, Марыа.

I таму што ў гэтай мроi ахвярай павiнен быць Марыа, ахвярай марнасцi жыцця i прыгажосцi, мiс Люсi зрабiлася яго па-чалавечы вельмi шкада, i iнстынктыўна яе рука - рука, з якой яна так i не змагла зняць пярсцёнка з танным сапфiрам, пацягнулася ў бок Марыа, i адразу ж яе ахапiлi гарачыя карычневыя пальцы.

Мiс Люсi амаль не заўважыла, як яе абнялi рукi Марыа, а галава з цёмнымi валасамi лягла ёй на грудзi. I толькi калi яна адчула пах, якi нагадваў падагрэты карычневы цукар - пах яго скуры, i пах кветкавай мазi, якой ён памадзiў валасы, раптам прачнулася ўсё фiладэльфiйскае, што было ў мiс Люсi. Яна хуценька ўскочыла на ногi, атрасаючы ў нябыт стагоддзi i вяртаючыся да гэтага рэальнага жыцця, у якiм дзве яе прыяцелькi чакаюць iх ля падножжа пiрамiды, - а да нiзу трэба прайсцi яшчэ столькi прыступак.



9 из 16